Гарадзенцы не спяшаюцца адмаўляцца ад адпачынку ў Егіпце
Як паведамілі “Твайму стылю” у турагенстве “Вікторыя”, патэнцыйныя турысты толькі цікавяцца коштамі і умовамі адпачынку на егіпецкіх курортах, але не спяшаюцца браніраваць туры.
Нягледзячы на гэта, супрацоўнікі “Вікторыі” упэўненыя, што гарадзенцаў не вельмі хвалюць масавыя беспарадкі ў Егіпце.
– Вы ж ведаеце нашых людзей, іх нічога не палохае – кажа прадстаўнічка турфірмы, – калі чалавек ужо настроіўся, то ўсё роўна паедзе.
Крыху іншую інфармацыю прадставілі ў турыстычным бюро “Каляда-Тур”: восем чалавек, вылет якіх быў запланаваны на 8 і 19 лютага, зараз адмаўляюцца ад пуцёвак.
Іншыя кліенты, якія гэтымі днямі наведваюць офіс, нават не цікавяцца умовамі адпачынку ў Егіпце.
Супрацоўніца турбюро паведаміла таксама яшчэ адзін цікавы факт – тураператары закрылі магчымасць on-line браніравання і не прапануюць нейкія зніжкі на туры.
Магчыма, яны проста не хочуць рызыкаваць здароўем і жыццём сваіх турыстаў.
У стадыі чакання, што да егіпецкага накірунку, знаходзяцца зараз кліенты “Санні Трэвэл” і “Алатан Тур”.
У другой палове лютага гарадзенцы планавалі вылецець на адпачынак, але ў сувязі з апошнімі падзеямі турысты пакуль узважваюць усе “за” і “супраць”.
Магчыма, яны перанясуць свае туры на больш позні перыяд альбо анулююць.
Сапраўды парадвалі сваім адказным стаўленнем да бяспекі і здароўя людзей супрацоўнікі турфірмы “Ялка”.
Яны падкрэслілі, што пакуль не адпраўляюць на адпачынак грамадзян нашай краіны у тыя месцы, дзе іх жыццё будзе пад пагрозай.
Варта заўважыць, што паводле закона «Аб абароне правоў спажыўцоў» турфірмы павінны вяртаць грошы за адмовы ад турпуцёвак ў Егіпет.
Сярод гарадзенскіх турфірмаў толькі “Каляда-Тур” паабяцала 100% зварот грошай кліенту, астатнія спасылаюцца на тое, што працуюць з рознымі тураператарамі, таму не могуць гарантаваць зварот коштаў і раяць уважліва чытаць дамову.
Аднак такія дзеянні не правамерныя. У адпаведнасці з арт. 12 закона “Аб абароне правоў спажыўцоў ‘выканаўца абавязаны зняць паслугу з рэалізацыі, калі такая паслуга прычыняе ці можа прычыніць шкоду жыццю, здароўю і маёмасці спажыўца” – у дадзеным выпадку турыста.
Страты, нанесеныя спажыўцу ў сувязі з адмовай ад паслугі, павінен кампенсаваць выканаўца (прадавец) у поўным аб’ёме.
Таму ў існуючых абставінах турыст мае права патрабаваць ад турфірмы вярнуць яму грошы.
У тым выпадку, калі ў турфірме ўсё ж адмовяць у кампенсацыі выдаткаў, турыст мае поўнае права звярнуцца ў суд.
Міністэрства спорту і турызму рэкамендавала беларускім грамадзянам устрымацца ад паездак у Егіпет.
Там, паводле аператыўных дадзеных, у цяперашні час адпачываюць каля 2 тыс. грамадзян Беларусі.
Аднак на той факт, што папулярная узімку гарачая краіна стала сапраўды ГАРАЧАЙ не ўсе звяртаюць увагу.
Даведка ТС
Хваляванні ў Егіпце выбухнулі 28 студзеня. У гэты дзень на вуліцы буйных егіпецкіх гарадоў выйшлі тысячы егіпцян, якія патрабавалі рэформаў у краіне.
Прэзідэнт Мубарак паспрабаваў адвесці народны гнеў ад сябе і адправіў урад у адстаўку, але натоўп патрабуе, каб сышоў ён сам.
Мубарак кіруе Егіптам з 1981 г. Увесь гэты час у краіне дзейнічае надзвычайнае становішча.
У першыя дні лютага адстаўкі дыктатара патрабавалі на вуліцах і плошчах больш 2-х міліёнаў егіпцян.
На здымку: турысты з Расіі і Беларусі на экскурсіі ў егіпецкую пустыню.
Фота Марыны Клінавай