У Гродне адкрыўся пакой апытання пацярпелых ад гвалту дзяцей

|

Пакой апытання ў Гродне – адзін з двух, якія сёння працуюць у Беларусі ў межах праекта Міжгнароднага грамадзкага аб’яднання “Разуменне”.

Старшыня праўлення аб’яднання Андрэй Маханько паведаміў “Твайму стылю”:

– Мы плануем адчыніць падобныя пакоі ва ўсіх абласных цэнтрах.

Гродзенскі пакой запрацаваў 19 студзеня, сёння сканчаецца трэнінг для каманды з Магілёва, ужо падрыхтаваныя спецыялісты для працы ў Гомелі і Кастрычніцкім раёне Мінска.

Дзяцей на размову накіроўваюць следчыя органы альбо сектар аховы правоў дзяцінства.


Гродзенскі пакой апытання пацярпелых ад гвалту дзяцей запрацаваў у сацыяльна-педагагічным цэнтры па вул. Урублеўскага 76а пры падтрымцы праекта Сусветным фондам дзяцінства Каралевы Швецыі Сільвіі.

Падчас апытання дзіцяці ў пакоі будзе працаваць відэакамера. У ідэале размаўляць з ахвярай гвалту павінны толькі адзін спецыяліст, астатнія, каб лішні раз не траўмаваць дзіця, будуць назіраць за працэсам на экране тэлевізара ў суседнім пакоі.

Андрэй Маханько лічыць стварэнне пакояў апытання для дзяцей вельмі запатрабаваным.

У 2009 годзе толькі ад сэксуальных злачынстваў пацярпелі 270 беларускіх дзяцей.

Статыстыка мінулага года пакуль невядомая, але, па ўсім відаць, колькасць злачынстваў супраць дзяцей не змяншаецца.

Падзяліцца |