Пашукі зніклых Ганны Цвятніцкай і Дзяніса Сотнікава не даюць вынікаў
Днямі ў Гродне адблося паседжанне аператыўнага штаба ўпраўлення ўнутраных справаў, на якім разглядаліся вынікі следства па справе знікнення Ганны і Дзяніса.
Удзел у паседжанні бралі супрацоўнікі крымінальнага вышуку, міністэрства па надзвычайных становішчах, памежнікі, вадалазы.
На сайце гарадзенскага УУС сёння былі апублікаваныя некаторыя вынікі гэтага паседжання.
Так, гарадзенская міліцыя апытала жыхароў прыватнага сектару ўздоўж Нёмана.
Вадалазы абследавалі дно Нёмана ад Румлёва да Каложы. Штодзённа вядзецца агляд берагавой паласы. Пра знікненне людзей паведамілі літоўскім памежнікам.
Міліцыя мае звесткі, што сведкамі здарэння былі два чалавекі, але выявіць іх пакуль не атрымліваецца.
Ганна Цвятніцкая і Дзяніс Сотнікаў прапалі 11 студзеня.
Апошні раз іх бачылі ў Румлёўскім парку. Каля 20.00 у гэты дзень некалькі чалавек затэлефанавалі ў міліцыю і паведамілі, што бачылі, як у Нёмане тапіліся людзі.
Супрацоўнікі міліцыі пакуль катэгарычна абвяргаюць версію з забойствам зніклых, паколькі аніякіх слядоў барацьбы і крыві не выяўлена.
Міліцыя таксама просіць гарадзенцаў устрымацца ад распаўсюджання рознага кшталту чутак пра гэтую гісторыю.
Так, у інтэрнэце ўжо з’яўляліся чуткі пра невядомага маньяка, які скрадае і забівае людзей, пра тое, што на самой справе Дзяніса ўжо знайшлі і ён знаходзіцца ў шпіталі і г.д.
На думку супрацоўнікаў міліцыі, такія чуткі толькі прыносяць дадатковы боль родным і блізкім зніклых.