У двух кроках ад Еўропы
21 сакавіка гарадзенцы ўпэўнена перамаглі ў ¼ фінала Кубка Беларусі сталічны МТЗ-РІПА 3-0 (галы на рахунку Сямёнава і Дзенісевіча-2) і выйшлі ў паўфінал турніра, дзе згуляюць з салігорскім «Шахцёрам».
Першая паўфінальная сустрэча пройдзе 8 красавіка ў Гродна. У выпадку перамогі па суме двух гульняў з салігорскай камандай, «Нёман» выйдзе ў фінал турніра, дзе згуляе з пераможцам пары БАТЭ (Барысаў) – «Нафтан» (Наваполацк).
Перамога ў Кубку Беларусі дасць гарадзенцам пуцёўку ў новаствораную Лігу Еўропы (другі па прэстыжнасці турнір пасля Лігі чэмпіёнаў). Патрапіць туды «Нёман» можа і ў выпадку паразы ў фінале Кубка Беларусі, але толькі пры ўмове, што будзе супернічаць з БАТЭ. Барысаўская каманда з’яўляецца мінулагоднім чэмпіёнам Беларусі і ўжо гарантавала сабе ўдзел у адборавым турніры Лігі чэмпіёнаў.
Гарадзенцы двойчы бралі ўдзел у еўракубкавых турнірах – пасля перамогі ў Кубку краіны 1993 г. і пасля заваявання срэбных медалёў чэмпіянату Беларусі 2002 г.
В. Дрэма
На здымку: гарадзенцы былі на галаву вышэйшыя за сваіх апанентаў з МТЗ-РІПА
Фота: prosto-free.livejournal.com