Творы Быкава ўвойдуць у “залатую калекцыю”

|

На працягу 2011 года ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйдуць першыя пяць тамоў серыі, паведаміў БелаПАН галоўны рэдактар выдавецтва Віктар Шніп.

 

Працягласць выхаду серыі разлічана на 10 гадоў:

 

Калі выдавецтву даручылі гэтую працу, мы маглі ні да каго не звяртацца, скласці план выпуску кніг і, як нам некаторыя прапаноўвалі, пачаць выпуск серыі з выданняў сучасных папулярных пісьменнікаў. Аднак мы звярнуліся па параду да вучоных па падрыхтоўцы гэтай анталогіі, якая павінна стаць своеасаблівай візітоўкай айчыннай літаратуры,- паведамляе рэдактар выдавецтва.

 

У першыя тамы, прысвечаныя беларускай літаратуры XI ― пачатку XX стагоддзя, увойдуць, у прыватнасці, творы такіх пісьменнікаў, як Францішак Карпінскі, Юліян Урсын-Нямцэвіч, Ігнат Ходзька, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Аляксандр Рыпінскі, Габрыеля Пузыня, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Адам Плуга, Вінцэсь Каратынскі, Францішак Багушэвіч, Янка Лучына і Адам Гурыновіч.

 

Рэдактар выдавецтва падкрэслівае, што ў серыю ўвойдуць і творы сучаснікаў.

 

У пяты том прадугледжваецца ўключыць творы Максіма Багдановіча, Сяргея Палуяна, Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Лявона Гмырака і Алеся Гаруна. Асобнымі тамамі будзе прадстаўлена творчасць Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава.

 

У выданні аб’ёмам ад 500 да 600 старонак прадугледжваецца змясціць блокі фотаілюстрацый.

 

Выхад першага тому прадугледжаны на красавік – май.