Роўныя ў сваім выбары…

|

Не буду звяртацца да крыніц і тлумачальных слоўнікаў: вы і самыя зможаце, калі захочаце, даведацца пра «тэорыю» пытання і тэрміналогіі. Мне было цікавей спытацца ў маіх сучасніц- гарадзенак. Адказы я атрымала, а вось на фота ні адна не пагадзілася. Можа, гэта таксама вынік «па-мужчынску» скіраванага грамадства?

Святлана, 30 гадоў, бухгалтар: Асабіста для мяне жанчына-феміністка ўяўляецца як бізнэс-лэдзі. Самаўпэўненая, стыльная, можа быць, нават – цвёрдая. Не, да іх ліку я сябе не адношу.

Клаўдзія, 20 гадоў, студэнтка: Жанчына-феміністка – гэта незалежная, эмансіпаваная жанчына, самастойная. Не мужчынаненавісніца, а хутчэй тая, якая адстойвае свой пункт погляду. Такія жанчыны абавязкова лічаць сябе роўнымі з мужчынамі. Так, я адношу сябе да іх ліку, але часткова. Я даволі самаўпэўненая, але ўсё ж лічу, што мужчына павінен быць мужчынай – маёй апорай.

Юлія, 29 гадоў, эканаміст: Феміністка ў маім разуменні – гэта жанчына, якая змагаецца за раўнапраўныя адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі ў сацыяльным і працоўным плане. Сама з некаторых пор сябе да іх не адношу. Таму што гэта бессэнсоўна ў нашым грамадстве, дзе розум і кемлівасць шануюць усё менш.

Аляксандра, 18 гадоў, студэнтка: Я лічу, што феміністка – гэта жанчына, узлаваная на мужчын па нейкіх асабістых матывах. Напрыклад, з-за няшчаснага кахання. Жанчына гэтая ніколі не вінаваціць сябе, а толькі навакольны мужчынскі свет. Можа быць, яна такая і з-за недахопу ўвагі… Гэта ў рэшце можа прывесці да рашэння быць самадастатковай ва ўсім, нават у… сэксе. Не, я не феміністка, і ніколі ёй не буду.

Вольга, 19 гадоў, студэнтка: Для мяне наогул феміністкі – гэта жанчыны, якія страцілі або, нават, адмаўляюць сабе ў першапачаткова дадзеным прыродай дарунку – быць слабой, далікатнай, поўнай жаноцкасці, якая патрабуе апоры. Не-не, я не феміністка!

Лола, 25 гадоў, афіцыянтка: Я глыбока паважаю феміністак, таму што гэта жанчыны, якія сапраўды ведаюць чаго яны жадаюць у жыцці. Я кахаю феміністак, якія адстойваюць правы жанчыны. Усё, што я маю зараз, – дзякучы феміністычнаму руху: адукацыю, самастойнасць, права рабіць выбар у гэтым жыцці. Без феміністак жанчыны дагэтуль сядзелі б у паранджы і марылі б хутчэй выйсці замуж. Сваім свядомым жыццём паўнавартаснай асобы я абавязаная толькі феміністкам. Так, я з гонарам магу сказаць, што адношу сябе да іх ліку. Але феміністкі не маюць ніякога дачынення да мужчынаненавісніц, якіх я не разумею і не паважаю.

Вядома, яшчэ рана гаварыць аб сацыяльна-палітычнай роўнасці мужчын і жанчын. Усім даступная статыстыка кар’ернага росту і заробкаў. Нікога не здзіўляе жанчына – клапатлівая маці раніцай, лэдзі-бос удзень, шэф-кухар увечары і жывы чалавек пры ўсім пры гэтым. Жанчыны, як і дзвесце гадоў таму, жадаюць волі, павагі і падзякі.

Мне здаецца, няма «мужчынскіх» або «жаночых» заняткаў, а ёсць заняткі, адпаведныя пэўнаму чалавеку. Груба кажучы, моцная, але дурная жанчына цалкам можа секчы вугаль у шахце. А разумны, але слабы мужчына выдатна здольны займацца вышыўкай. Яны абсалютна роўныя ў гэтым выбары, усё залежыць ад здольнасцяў і жаданняў, а не ад палавых органаў. Мужчына і жанчына – паплечнікі, спадарожнікі і каханкі.

Кацярына Расюкевіч

Фота ШМЖ-11