“Я – будаўнік, таму мне пох…”
Мацюкі апаганьваюць нашу душу
Марына: Я цалкам адмоўна стаўлюся да мату! Бо, на мой погляд, з кожным днём людзі дэградуюць ўсё больш і больш.
Яны ўжо не могуць выказвацца без мацюкоў, у тым плане што ім нават цяжка выказаць свае думкі па-іншаму! А ў адказ на гэта заўсёды: “проста мае пачуцці матам толькі можна і выказаць!”
Ды пра што вы кажаце? У свеце шмат словаў, аб існаванні якіх вы нават не ведаеце!
Снежана: Дрэнна! Таму што мацюкі апаганьваюць нашу душу!
Вікторыя: Стаўлюся дрэнна. Сама матам не лаюся і іншым не раю.
Дзіма: Мацюкі – зло, яны адлюстроўваюць ўзровень дэградацыі чалавека.
Мой брат пры размове ў скайпе ўжывае больш мацюкоў, чым словаў і гэта ўжо як уступныя словы. Гучыць жудасна, улічваючы, што ён іх пастаянна выкрыквае. Гэта наогул разбурае мазгі.
Мікалай: Адмоўна, вядома. Некультурна гэта, асабліва раздражняе, калі дзеці мацюкаюцца, школьнікі, маленькія – ненатуральна ўсё гэта.
Сяргей: Зрэдку лаюся, калі вельмі ўзрушаны. А наогул – не. Я ў нашай краіне да ўсіх на «Вы». З узростам прыходзіш да гэтага.
Танна і злосна
Вераніка: Бывае. У гарачых сітуацыях – чаму не? Зрэшты – я за чысціню мовы, рускай альбо беларускай, але бываюць сітуацыі, калі вырываецца. Ну, з гэтым нічога не зробіш. У прынцыпе, я лічу, што трэба сачыць за тым, што ты кажаш.
Арцём: Выказваць свае думкі літаратурнай мовай крута, але з матам атрымліваецца як бы “дёшево и сердито”, таму даходзіць лепш.
Аляксандр: Калі прыгожа сказана, то нармальна. Калі без справы ўсюды ўжываць – то гэта дрэнна, а калі ў жарт – то можа і добра выглядаць. Але толькі ў сваёй кампаніі.
Дзіма: З аднаго боку мат апраўданы, напрыклад, на будоўлі, дзе людзі такім спосабам выпускаюць пар, з прычыны цяжкай неапраўданай фізічнай працы і пастаяннай незадаволенасці. З другога боку, не ў такіх масштабах, як гэта цяпер.
Ян: Сам лаюся, за што не вельмі пазітыўна стаўлюся да сябе. Спрабую выпраўляцца …
Нязручна калі, напрыклад, едзеш у грамадскім транспарце, і сябар, з якім ты едзеш, што-небудзь скажа такое, і яшчэ на ўвесь аўтобус, а-ля: “О, Янчык, гэта п***ц!”
Віталь: Можа выкарыстоўвацца пры пэўных абставінах. Па працы, можа быць, калі нешта не падабаецца табе, можа яшчэ недзе. Але ў асноўным стаўлюся негатыўна да гэтага.
А зрэшты …
Дзяніс: Я лаюся заўсёды матам. Я будаўнік, таму мне пох…
Валерый: Нармальна, не бачу ў гэтым нічога дрэннага. Хто хоча выкарыстоўвае, хто хоча – не.
Антон: Я ведаю аднаго дзеда ў вёсцы, ён сам мацюкі прыдумляе, як толькі што нешта не так – у яго ўтворыцца новы мат.
Гэта карысна. Вызваляе эмоцыі.