Помнік Максіму Багдановічу хочуць усталяваць у Гродне
Некаторыя інтэрнэт-рэсурсы паведамілі, што ў Гродне плануецца ўсталяваць помнік паэту. Але ў гродзенскім Музеі Максіма Багдановіча “Твайму Стылю” распавялі, што існуе толькі праект указа прэзідэнта аб святкаванна 120-годдзя з дня нараджэння паэта, паводле якога планавалася адкрыць помнік у 2011-2012 гадах. Каб даведацца болей, нам параілі звярнуцца ў аддзел культуры Гродзенскага гарвыканкама.
Начальнік аддзела культуры Віталь Віктаравіч Мамачкін паведаміў, што ініцыятыва святкавання гадавіны нараджэння пісьменніка сыходзіла з Міністэрства культуры, а прапанова ўсталяваць помнік з’явілася менавіта ў Гродне. Па словах Віталя Віктаравіча, праект прэзідэнцкага ўказа ўжо гатовы і хутка будзе прыняты. Тады і можна будзе казаць пра нейкія даты.
Дзеля святкавання ўгодак паэта на дзяржаўным узроўні створаны аргкамітэт, якім кіруе міністр культуры. Плануецца выдаць энцыклапедыю “Максім Багдановіч” і факсімільнае выданне вершаў “Вянок”, у Мінску будзе адрэстаўраваны дом, у якім нарадзіўся пісьменнік.
На здымку: Помнік на магіле Максіма Багдановіча ў Ялце.
Здымак casimirus.livejournal.com