Супрацоўнік ДАІ страляў у таксі
Як паведамляе сайт гарадзенскай ДАІ, гісторыя пачалася ў гадзіну начы на вуліцы Ліможа.
Таксіст не спыніўся па камандзе нараду супрацоўнікаў ДАІ. Затым, ад’ехаўшы на вул. Таўлая, усё ж прыпыніўся, але калі да яго наблізіўся лейтэнант міліцыі Алег Ганчук, зноў націснуў на газ.
“Аўдзі-100” імкліва ўцякала ў бок вуліцы Каханоўскага, парушаючы пры гэтым правілы дарожнага руху, выязджаючы на паласу сустрэчнага руху.
У рэшце уцякач выскачыў на Азёрскую шашу і памчаў у бок Путрышак.
Патрабаванні спыніцца і нават папераджальныя стрэлы не спынілі ўцекача. Тады лейтэнант Ганчук пачаў страляць па колах машыны.
Праехаўшы кіламетр з прабітым правым заднім колам, таксі спынілася. Яе кіроўца кінуўся на ўцёкі, але быў затрыманы.
Як пазней высветлілася, 24-х гадовы гарадзенец быў пазбаўлены раней правоў на кіраванне аўтамабілем.
Праходзіць медэкспертызу на прадмет ап’янення ён адмовіўся.
Супрацоўнікі ДАІ склалі на парушальніка чатыры пратаколы. Калі суд прызнае віну ўцекача, то яму пагражае да 3,5 міліёнаў штрафу.
Некалькімі гадзінамі раней падобная пагоня адбывалася на Фолюшы. Там п’яны 22-х гадовы гарадзенец таксама не спыніўся па камандзе супрацоўнікаў міліцыі і спрабаваў уцякаць.
На вул. Соламавай уцякач стукнуўся ў асвятляльны слуп. Кіроўца не пацярпеў, а вось незастрахаваная машына, па звестках ДАІ, рамонту не падлягае.
Глядзіце Мапу надзвычайных здарэнняў на мапе большага памеру