Атрымаў дыплом, а з ім і аблом
На дадзены момант выпускнік абавязаны адпрацаваць два гады на месцы размеркавання (у бліжэйшы час планка паднімецца да пяці год). Найбольш востра праблема тычыцца студэнтаў аграрнага ўніверсітэту, бо ў сферы сельскай гаспадаркі заўсёды назіраецца недахоп кваліфікаваных кадраў, а асабліва ў аддаленых раёнах нашай краіны.
Сутнасць недахопу не ў тым, што ВНУ рыхтуюць мала спецыялістаў, а ў тым, што пасля адпрацоўкі малады спецыяліст не застаецца на сваім месцы працы. Гэта не здзіўляе, бо ў галіне сельскай гаспадаркі па-ранейшаму самыя малыя заробкі, а яшчэ на вёсцы не наладжаны побыт, няма ўмоваў для самарэалізацыі, адпачынку, праблемы з жыллём, дзіцячымі садкамі, школамі. Вось таму кадры і ўцякаюц у горад пры любой магчымасці гэта зрабіць.
Размеркаванню ў нас падлягаюць студэнты, якія навучаюцца за кошт дзяржаўнага бюджэту. Для іх размеркаванне – абавязковая працэдура і тут асабліва нікуды не дзенешся. Тыя студэнты, каторыя навучаюцца за свае грошы, па заканчэнні універсітэту маюць свабодны дыплом і месца працы шукаюць самастойна.
Пры размеркаванні ёсць і свае нюансы: цяжарныя дзяўчаты могуць атрымаць месца працы бліжэй да таго раёна, дзе яны пражываюць. Калі ж у маладой сям’і маецца двое дзетак, то ёсць магчымасць поўнасцю пазбегнуць працэдуры абавязковага размеркавання. З хлапцамі трошкі складаней. Іх можа ўратаваць служба ў войску, альбо не зусім тыповы, але цалкам магчымы варыянт – адпачынак па даглядзе за дзіцём, што таксама назіраецца ў практыцы.
Трэба адзначыць, што студэнты дастаткова актыўна карыстаюцца такімі метадамі. Адзін выкладчык расказваў, як завочнік (займае кіруючую пасаду ў адной з гаспадарак нашай вобласці) яму скардзіўся, што пайшлі вельмі хітрыя студэнты. Да іх у гаспадарку прыехаў працаваць малады хлопец, аформіўся на месца агранома, а цераз пару дзен падрыхтаваў неабходныя дакументы і пайшоў у адпачынак па даглядзе за дзіцём.
Быў яшчэ і такі выпадак паўплываць на размеркаванне: хлопец сустракаўся з дзяўчынаю, а на прыканцы навучання ажаніўся з ёю і сям’я атрымала размеркаванне ў адну гаспадарку, а адзін з маіх сяброў (скончыў універсітэт у мінулым годзе) прыехаў на месца размеркавання, паглядзеў, што нічога цікавага для яго ў гаспадарцы няма і на бліжэйшы прызыў пайшоў служыць у войска.
Некаторыя «бюджэтнікі» перад паступленнем бяруць накіраванні ў сваіх гаспадарках, або ў кіраўніцтве раёна, тады, па сканчэнні навучання іх размяркоўваюць згодна з накіраваннем.
Студэнты-платнікі (за вялікім выключэннем) у сельскай гаспадарцы ўвогуле не працуюць. Мэта іх навучання – дыплом аб сканчэнні вышэйшай адукацыі, які дазволіць знайсці больш прывабную працу. Калі выключэнні і здараюцца, то ў любым выпадку праца шукаецца самастойна, але заўсёды можна даведацца аб вакансіях па сваёй спецыяльнасці ў дэканатах і такім чынам палегчыць самастойны пошук.
Падводзячы вынік, можна сказаць наступнае: калі цябе навучае дзяржава, то рыхтуйся да адпрацоўкі, або загадзя клапаціся аб тым, як яе пазбегнуць, бо ў іншым выпадку два гады працы ў сельскай мясцовасці табе забяспечаны.
Ян Габіс
Фота www.gazetaby.com