Кожнай удзельніцы – па «міс»

|

Сёлета сярод 16-ці прэтэндэнтак на перамогу было 8 першакурсніц. Гледачы і журы на працягу трох гадзін атрымлівалі асалоду ад прыгожых адзенняў, песень, бальных і ўсходніх танцаў. Музычныя і танцавальныя нумары перамяжоўваліся з відэазапісамі, па якіх можна было скласці ўражанне аб зацікаленнях удзельніц, іх захапленнях і хобі.

Конкурс праходзіў у тры этапы, пасля якіх адбіралі фіналістак. Пасля конкурсу талентаў у другім туры засталося 10 прэтэндэнтак на званне «Міс універсітэт». Журы, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі аблвыканкама, харэографы, выкладчыкі ВНУ, адбіралі ўдзельніц па знешніх дадзеных, па ўменні паводзіць сябе на сцэне і незвычайным адзенні. Між тым, у залі панавалі свае адносіны, рабіліся стаўкі на пераможцу конкурсу. Паміж намі, гледачамі, ішлі напружаныя спрэчкі, бо кожная з удзельніц была непаўторна па-свойму. Як сказаў вядучы мерапрыемства:

– Калі б фіналістку выбіралі толькі мужчыны, – званне атрымалі б ўсе дзяўчаты!

alt=”3″ >

На суд журы былі прадстаўленыя вясельная калекцыя, народная, «гарадскі стыль», калекцыя купальнікаў, якая для нас, гледачоў, была вырашальнай і пасля якой мы для сябе «размеркавалі» тытулы. Але…..«Хто ў свеце ўсіх мілей, усіх выдатней і бялей… А гэтак жа разумней, актыўней, яскравей?» вырашалі не мы, а журы.

У супер-фінал увайшлі пяць самых чароўных, па меркаванні журы, удзельніц. Пасля чаго атмасфера ў зале стала накаляцца, бо не ўсе чаканні гледачоў спраўдзіліся. Многія сцвярджалі, што журы паводзіць сябе суб’ектыўна!

Зоркай прыгажосці і таленту стала ўдзельніца пад №2, студэнтка факультэта псіхалогіі 3-га курсу Алена Смаляр. Ёй дасталася Карона, дыплом «Міс універсітэт-2009» і прыз – хатні кінатэатр. Таксама пераможца ўшанаваная званнем «Міс Вясна-2009». Уладальніцамі DVD-прайгравальнікаў і званнямі Першай і Другой «Віцэ-Міс» і «Міс Стыль» стала студэнтка 1-га курсу філалагічнага факультэта Анастасія Тарасава і студэнтка 1-га курсу юрыдычнага факультэту Таццяна Сурава.

Адначасова на сайце ўніверсітэта вялося галасаванне за званне «Міс GRSU.BY». Як паведамілі вядучыя – сайт быў узламаны! Тым не менш, галасы падлічылі і пераможцу назвалі. Ёю стала ўдзельніца Ілона Мурзіч, студэнтка 4 курсу юрыдычнага факультэту. Астатнія ўдзельніцы таксама не засталіся без увагі і атрымалі па індывідуальнай намінацыі:

«Міс грацыя» – Таццяна Матусевіч (філалагічны факультэт)

«Міс чароўнасць» – Наталля Яўхімчык (філалагічны факультэт)

«Міс гледачоў» і «Міс фота» – Яна Валіева (факультэт псіхалогіі)

«Міс сяброўства» – Ілона Мурзіч (юрыдычны факультэт)

«Міс талент» – Юлія Скаскевіч (фізіка-тэхнічны факультэт)

Як высвятлілася пасля конкурсу, у хлопцаў і дзяўчат былі розныя крытэры адбору пераможцы. Дзяўчаты звярталі ўвагу «на ўсё», а хлопцам хапала адной прысутнасці ўдзельніц на сцэне!

Паліна Трыпуць

Фота аўтара