Пойдзе тралейбус да Паўднёвага рынку і абласнога шпіталю
На праект будаўніцтва новага дэпо ўжо вылучана больш за 3 млрд рублёў.
Тралейбуснае дэпо №2 будзе знаходзіцца за мікрараёнам Вішнявец, па дарозе ў пасёлак Паўднёвы.
Тэрыторыю пад будаўніцтва парку вызначылі яшчэ 15 год таму, аднак на рэалізацыю праекта дагэтуль не хапала грошай.
“Гродзенскае дэпо разлічана на 100 тралейбусаў, а ў нас іх на сённяшні дзень ужо 160.
Нядаўна мы атрымалі 22 новыя тралейбусы, замоўленыя яшчэ ў мінулым годзе. Маглі б атрымаць і болей, але машыны няма ўжо куды ставіць.
З будаўніцтвам новага дэпо з’явяцца і новыя маршруты. Першае, што мы плануем, гэта правесці тралейбусную лінію да Паўднёвага рынку, пусціць туды прыкладна 5 маршрутаў” – паведаміў “Твайму стылю” намеснік дырэктара тралейбуснага ўпраўлення Юрый Нерад.
У перспектыве плануецца таксама правесці лінію да абласнога шпіталю ў Пышках і пусціць тралейбусы па вуліцы Кабяка.
Нягледзячы на шматлікія просьбы, ніколі не будуць хадзіць тралейбусы па вуліцы Белыя Росы – па словах Юрыя Нерада, для тралейбуснай лініі там завузкая вуліца.
Даведка ТС
Першы тралейбус паехаў па Гродне 10 лістапада 1974 г. па маршруце “Азот” – “Савецкая плошча”.
Зараз у Гродне 17 тралейбусных маршрутаў.
Агульная працягласць адзіночнай тралейбуснай лініі каля 80 кіламетраў.
За год гарадзенскімі тралейбусамі перавозіцца ў сярэднім каля 80 мільёнаў пасажыраў.