Шчасце не ў танцах, а ў іх колькасці

| Без катэгорыі

Бррр, якое жахлівае надвор’е, мяне проста замяло па дарозе! Але, не прывыкшы кідаць справы няскончанымі дабіраюся ўсё ж да Леніна, 20.

 

У фае шмат моладзі, да гардэроба так проста не прабіцца. З боем  пераадольваю гэтае маленькае выпрабаванне і неўзабаве апынаюцся ўжо на другім паверсе.

 

На ўваходзе хлопчыкі-“сек’юрыці”. Раблю мілы выраз твару і з магічным словам «прэса» і важкім фотаапаратам у руках прахожу ў залю.

 

Адкрыццё зацягваецца. Маю некалькі хвілін, каб агледзецца. Зала запоўнена вельмі прыстойна, пераважае моладзь, але і людзей пасля трыццаці таксама хапае.

 

Ура, конкурс пачынаецца!

>

Ухх, вось гэта відовішча.. Нічога сабе, я так ніколі ў жыцці не змагу! Ооо!

 

Ча-ча-ча, вальс, народныя і эстрадныя танцы, хіп-хоп, сучасныя танцы з элементамі акрабатыкі, і нават цыркавыя нумары!

У Фестывалі бяруць удзел лепшыя танцавальныя калектывы горада. Ёсць і некалькі маладых калектываў.

 

Некаторыя з іх прадстаўляюць на суд непадкупнаму журы некалькі нумароў у розных жанрах, што справядлівыя суддзі не могуць не ацаніць.

 

Дарэчы, аб суддзях. Судзейскі калектыў складаўся з чатырох чалавек: балетмайстра заслужанага аматарскага калектыву Беларусі ансамбля танца “Гарадзенскія карункі» Наталлі Парахневіч, кіраўніка гуртка бальнага танца СШ № 23 Алены Прымы, метадыста гарадскога метадычнага цэнтра народнай творчасці Любові Ляшкевіч і начальніка Цэнтра творчасці ГрДзУ імя Янкі Купалы Валерыя Ляховіча.

 

Пасля ўважлівага прагляду ўсіх нумароў суддзі пайшлі на нараду. Сцэна ў гэты час не пустуе – гледачы атрымліваюць асалоду ад сольных нумароў.

 

…Журы затрымліваецца і на сцэне пачынаецца…імправізаваны міні-батл, удзел у якім бяруць усе калектывы! Танцаваць, калі цябе не ацэньвае журы, на радасць гледачам – напэўна, у гэтым ёсць свая прыгажосць.

Урэшце ўзнагароджваюць пераможцаў. Разынкай конкурсу становяцца розныя конкурсныя намінацыі – Энэргія, Прыгажосць, Гармонія. Па заканчэнні свята задаволеныя і шчаслівыя ўдзельнікі яшчэ некаторы час шалеюць на сцэне.

 

Што ж, X-ты юбілейны «Стыль-дэнс» стаўся сапраўдным відовішчам, на якое, нягледзячы на мароз, варта было прыйсці.

 

Хлопцы, якія не першы раз наведваюць гэты фэст, пераконваюць, што мінулагодняя імпрэза была мацнейшай.

 

Але мне няма з чым параўноўваць і таму ад усяго убачанага я засталася ў поўным захапленні!

Фота аўтара