Вучэнне – святло, а за святло трэба плаціць …
Кошты на вышэйшую адукацыю ў нашай краіне павялічваюцца з году ў год.
Эканамічны рост, укараненне інавацыйных тэхналогій у вытворчы працэс і кіраванне патрабуюць наяўнасці высокакваліфікаваных кадраў, падрыхтаваць якія па сілах толькі вышэйшай школе.
Аднак паступовае скарачэнне колькасці бюджэтных месцаў і высокі конкурс у лепшыя ВНУ краіны робяць якасную адукацыю недаступнай для большасці моладзі.
Як жа дамагчыся таго, каб усе жадаючыя мелі магчымасць вучыцца ў ВНУ, улічваючы, што гэта вельмі не танна?
Добрым выйсцем можа стаць атрыманне крэдыту на адукацыю.
Узяць у банку крэдыт для навучання ва ўніверсітэце – такая практыка становіцца ў Беларусі ўсё больш распаўсюджанай.
Плаціць за навучанне ў поўным аб’ёме ў стане не кожны. Напрыклад, у «Беларусбанку» ў 2010 годзе атрымалі крэдыты 245 студэнтаў.
З 2002 года, калі банк пачаў выдаваць крэдыты на навучанне, дамовы заключылі 18 тыс. чалавек.
Такі крэдыт могуць даць як дзяржаўныя, так і камерцыйныя банкі. Гэты від крэдытавання мала чым адрозніваецца ад звычайных спажывецкіх крэдытаў.
Хіба што студэнты часта не могуць самастойна выплочваць суму крэдыту, таму што не маюць сталага – тады атрымальнікамі крэдыту становяцца іх бацькі або іншыя адказныя асобы.
Якія крэдыты можна ўзяць?
– Мэтавы крэдыт.
У гэтай сітуацыі грошы вам на рукі выдаваць не будуць – яны адразу пойдуць на рахунак ВНУ. Калі крэдыт будзе ільготны, то стаўка па ім будзе 7% (палова стаўкі рэфінансавання Нацбанка).
– Спажывецкі крэдыт.
Выпадак, калі грошы ў касу ВНУ ці тэхнікума вы будзеце ўносіць самі. Праўда, цяпер такія пазыкі могуць балюча ўдарыць па кішэні: стаўкі па спажывецкіх крэдытах складаюць дзесьці 23-24% гадавых.
Хто і на які крэдыт можа разлічваць
Танны крэдыт на дыплом пад 7% гадавых можна атрымаць толькі для аплаты першай вышэйшай адукацыі. Пры гэтым паступіць вы павінны на дзённае аддзяленне ў дзяржаўны універсітэт.
Калі вы вучыцеся на завочным аддзяленні у тэхнікуме або каледжы або атрымліваеце другую вышэйшую адукацыю, разлічваць можна толькі на звычайную пазыку пад 15 ці 20%.
Банк плаціць на працягу пяці гадоў за студэнта не ўсю суму, а 70%. Грошы пералічваюцца на рахунак ВНУ безнаяўным шляхам. Астатнія 30% выплачвае студэнт або яго сям’я падчас навучання.
Для атрымання крэдыту запатрабуюць даведку з месца жыхарства студэнта і яго сям’і, з працы ўсіх членаў сям’і за год. Спатрэбяцца паручыцелі – ад аднаго да трох (у залежнасці ад заробку). Студэнт, у якога ёсць сталы прыбытак, можа аформіць дамову і на сваё імя.
Крэдыт на навучанне ў ВНУ можна аформіць з любога семестра. Ён дзейнічае і на кожны год навучання.
Калі студэнт, скажам, пайшоў у акадэмічны адпачынак на другім курсе, то, калі ён адновіцца, з трэцяга курсу зноў можа працягнуць дзеянне дагавора.
У выніку чалавек карыстаецца паслугамі банка дзесяць гадоў: першыя пяць – пакуль вучыцца і яшчэ пяць, пакуль вяртае грошы.
У Гродне …
У Гродне не так ужо і шмат банкаў, якія выдаюць падобныя крэдыты (на выгадных умовах).
Разгледзім на прыкладзе 4-х банкаў: Белаграпрамбанк, ААБ “Беларусбанк”, Белзнешэканомбанк і Прыёрбанк.
>
Валюта крэдыту
Ёй могуць быць як беларускія рублі, так і замежная валюта (у залежнасці ад банка).
Неабходныя дакументы
• пісьмовая заява аб прадстаўленні крэдыту;
• запоўненая анкета;
• пашпарт (або іншы дакумент, які сведчыць асобу);
• даведка з месца працы крэдытаатрымальніка і паручыцеля аб сярэднемесячным прыбытку за апошнія тры месяцы;
• дакументы, якія пацвярджаюць іншыя крыніцы прыбытку (пры наяўнасці апошніх).
Тэрміны пагашэння крэдыту
– на працягу 5 гадоў з наступнага месяца пасля заканчэння навучальнай установы для студэнтаў ВНУ;
– на працягу 3 гадоў з наступнага месяца пасля заканчэння навучальнай установы для студэнтаў каледжаў і ССНУ;
– на працягу года з наступнага месяца пасля заканчэння навучальнай установы для студэнтаў завочнай, вячэрняй і дыстанцыйнай формаў навучання ў ВНУ, каледжах і ССНУ; другой і наступных адукацый у ВНУ і ССНУ.
Крыху аб непрыемным
У выпадку, калі крэдыт на атрыманне адукацыі быў узяты, але студэнт за непаспяховасць быў адлічаны – вярнуць узятую ў крэдыт суму яму прыйдзецца на працягу года пасля адлічэння альбо памесячна роўнымі долямі, прычым працэнт гэтых самых крэдытаў заўважна павялічваецца.
Тым не менш, крэдыт на атрыманне адукацыі – рэальнае вырашэнне фінансавых праблем, калі вучыцца хочацца, але няма магчымасці.
-Ахвотна веру, – кажа Вікторыя, якая на выдатна скончыла ВНУ, – асабліва калі размеркаванне ўдалае. А то бывае, што заробак на першым месцы працы дазваляе ледзь звадзіць канцы з канцамі.
Асабіста мне прыйшлося два гады жыць менавіта так. Дзе ўжо тут крэдыт выплочваць!
Хоць такая сістэма – усё роўна добры шанец атрымаць адукацыю для таго, хто да гэтага імкнецца.
Як у суседзяў
Крэдыты ў Польшчы ўдвая танней, чым у Беларусі. Пры гэтым нашы суайчыннікі пачынаюць выплочваць грошы, узятыя ў пазыку, ужо падчас вучобы, а палякі – праз два гады пасля заканчэння універсітэта (гэты час прадстаўляецца банкам для таго, каб вы змаглі знайсці прыстойную працу, стаць на ногі – і тады пачаць выплаты).
Час выплаты крэдыту таксама ўдвая перавышае час яго атрымання. Іншымі словамі, калі вы 5 гадоў атрымлівалі банкаўскія сродкі на навучанне ў роднай альма-матэр, то аддаваць гэтыя грошы можаце на працягу 10 гадоў.
У выніку…
З аднаго боку, крэдыт на адукацыю – рэальны спосаб аплаціць сваю вучобу і такім чынам зрабіць інвестыцыю ў будучыню.
З іншага боку – не пабаюся гэтага слова – кабала. Бо выплачваць асноўную частку сумы прыйдзецца ўжо пасля заканчэння вучобы.
А хто ведае, што будзе ў гэтым “пасля” …
Фота: http://www.kp.ru