Гарадзенскія Казюкі: Па народнаму! Весела!
Сёлета “Казюкі”, арганізаваныя непрызнаваным беларускімі ўладамі Саюзам палякаў на Беларусі, праходзілі у памяшканні Генеральнага консульства Польшчы.
>
Невялікая зала змагла змясціць толькі некалькі дзесяткаў народных майстроў.
У такіх сціплых умовах кірмаш праводзіцца ўжо некалькі гадоў.
Сітуацыю патлумачыў Станіслаў Муліца, старшыня Аб’яднання майстроў народнай творчасці пры СПБ:
– Пачынаючы з 2005 году мы не можам удзельнічаць у дзяржаўных “Казюках”, таму робім свае альтэрнатыўныя. Хоць памяшканне не дазваляе выставіць вырабы ўсім ахвочым майстрам, я цешуся, што хоць частка з іх можа прыйсці і паказаць свае працы.
Гасцей кірмашу прывіталі высокія госці з Варшавы: дэпутат польскага Сейму ад партыі “Права і Справядлівасць” Ян Дзедзічак, сенатар Рэчы Паспалітай Станіслаў Гогач, генеральны консул РП ў Гродне Анджэй Хадкевіч.
Вітаючы гасцей свята, Станіслаў Гогач распавёў, што год таму ён прывёз пісанкі гродзенскіх майстроў у Канаду. Палякі, якія там жывуць, вельмі здзівіліся, убачыўшы такую прыгажосць, зробленую сваімі рукамі.
– Яны ўжо не памятаюць гэтую традыцыю, – зазаначае Станіслаў Гогач, – і наш абавязак ім нагадаць, што народная творчасць жыве.
Пасля пачаўся канцэрт, у якім прынялі удзел фальклорныя калектывы, якія дзейнічаюць пры СПБ: “Матчына песаня” з Таневіч, “Струбнічанка”, малыя “Крэсавячкі”, а таксама капэла Хабры.
Людзей весялілі Юзэк ( Ігар Кебец, мастак) і Кася ( Тэрэса Адамовіч, кіраўнік “Матчынай песні”)
Гасцей свята частавалі гарачым віном, а таксама хрустамі, пончыкамі і пірагамі, якія адмыслова пяклі гаспадыні з Сапоцкіна, Індуры і Жытомлі.
Гарадзенцы з вялікім задавальненнем куплялі арыгінальныя аўтарскія работы: фарбаванкі, пісанкі, а таксама яйкі, упрыгожаныя бісерам і арнаментам з саломкі.
Пальмы рознай велічыні з размаляваных траў і засушаных кветак, кампазіцыі для святочнага стала ў плеценых кошычках традыцыйна карысталіся папулярнасцю.
Фота аўтара.