Гадзіна ў цемры ўратуе планету?
Ідэя «Гадзіны Зямлі» (ці можа хутчэй «гадзіны для Зямлі»?) узнікла ў аўстралійскага аддзялення WWF сумесна з The Sydney Morning Herald у 2007 годзе. Праўда, гэта не была іх асабістая прыдумка – натхніў прыклад Тайланда ў 2005 годзе. У мінулым годзе акцыя першы раз адбылася ў маштабе ўсёй планеты. Тады да яе далучыліся гарадскія ўлады, канцэрны ды проста неабыякавыя людзі з усяго свету.
Сёлета афіцыйна прымаюць удзел нават беларускія прадпрыемствы, у тым ліку гродзенскі ААТ «Гродна Азот». Плануецца, што будуць адлючаныя падсветкі вядомых аб’ектаў, сярод іх такіх цудаў свету як афінскі Парфенон, піраміды ў Гізе, Вежа Эйфеля і… мінская Нацыянальная Бібліятэка!
Паводле афіцыйнай інфармацыі ўдзел прымае больш за 2000 гарадоў, 6000 арганізацый і 20000 фірм з 84 краін свету. У параўнанні з мінулагоднімі 300 гарадамі гэта безумоўны прагрэс. А гэта толькі афіцыйныя структуры, без уліку мільёнаў асобных грамадзян.
Экалагічныя актывісты спадзяюцца на тое, што вынікам сустрэчы будзе новая дамова, якая дакладна вызначыць шляхі да дасягнення мэты – змяншэння выкідаў парніковых газаў у два разы да 2050 году. Ад гэтага залежыць лёс планеты – пераконваюць яны.
Але ў свеце ёсць людзі, што не вераць у глабальнае пацяпленне і нават стварылі тэрмін «экатэрарызм», каб крыўдзіць змагароў за захаванне прыроды. Маўляў, пацяпленне нам не пагражае, бо ўжо некалькі разоў у мінулым на Зямлі змяняўся клімат. А вось ахова асяроддзя – рэч небяспечная, бо запавольвае прагрэс (і наплыў грошаў у чыесці кішэні).
Нават калі так, то ці шмат мы страцім, калі выключым электрапрыборы на гадзіну? Наадварот, мы можам ашчадзіць якую капейчыну, калі гэта стане нашай звычкай. Узгадваецца выказванне Адама Глобуса ў нядаўнім інтэрв’ю: «Трэба меней жраць!»
Тут мы падыходзім да пытання: як правесці гадзіну для Зямлі? Кампутары жа таксама давядзецца выключыць… Па-першае, падрыхтуйма свечкі! Далей – справа вашай фантазіі. Тым у каго не хопіць крэатыўнасці WWF прапануе некалькі варыянтаў: арганізаваць начны пікнік (не ў нашай кліматычнай зоне ў гэтую пару), пошук скарбаў (!) ці рамантычную/сяброўскую/сямейную вечарыну, пагуляць з сабакам ці проста паглядзець на неба – зменшаны свет начных гарадоў дапаможа.
Падчас усяго гэтага можна зрабіць здымкі ці зняць відэа са «сваёй Гадзіны Зямлі» і даслаць арганізатарам, а таксама ў «Твой Стыль». Пахваліцца сваім малым дзеяннем для нашай вялікай планеты.
Планета Зямля выключае электрычнасць заўтра, 28 сакавіка, 20.30 па мясцовым часе.
Аляксей Шота
Аўтар заўсёды выключае святло ў кухні і рэдка карыстаецца грамадскім транспартам.