Паліва падаражэла
Рост кошту нафтапрадуктаў склаў ад 4,5% (бензін АІ-92) да 10,5% (дызпаліва).
Рашэнне прынята «ў адпаведнасці з рашэннем камісіі па пытаннях імпарту энергарэсурсаў пры Савеце міністраў».
З 3 сакавіка 2011 года рознічныя цэны на нафтапрадукты, якія рэалізуюцца праз АЗС, складаюць (за 1 літр):
бензін Нармаль-80 — 2.400 рублёў (было 2.250),
бензін АІ-92 — 3.000 (2.870),
бензін АІ-95,
АІ-95-Еўра — 3.400 (3.240),
дызельнае паліва — 2.850 (2.580).
«Змены цэн на нафтапрадукты, якія рэалізуюцца на ўнутраным рынку, выкліканыя ростам сусветных цэн на нафту і павелічэннем ставак акцызаў на падакцызныя нафтапрадукты, у сувязі з чым эфектыўнасць рэалізацыі нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку значна пагоршылася», — гаворыцца ў паведамленні.
Канцэрн звяртае ўвагу спажыўцоў, што «ў сувязі з неўраджаем у 2010 годзе рапсу і значным скарачэннем аб’ёму вытворчасці рапсавага масла з 3 сакавіка 2011 года часова спынена рэалізацыя праз АЗС біядызельнага паліва».
«Дэфіцыт масла рапсавага тэхнічнага для вытворчасці біядабаўкі да паліва (метылавых эфіраў тлустых кіслот) у арганізацыях канцэрна складзе, паводле папярэдніх падлікаў, больш за 50% патрэбнасці», — адзначаецца ў паведамленні.
Летам мінулага году гарадзенскія аўтааматары ладзілі акцыю “Стоп бензін”, каб прадэманстраваць канцэрну “Белнафтахім” сваё абурэнне празмерным ростам коштаў на бензін. У акцыі, па падліках, арганізатараў, прыняло ўдзел больш за 1000 гарадзенскіх аўтааматараў.