Пудзіла Масленіцы ў Гродне скармілі звярам

| Без катэгорыі

Пры ўваходзе  на тэрыторыю заапарка ўтварылася доўгая чарга за галоўным прысмакам масленіцы – блінцамі.

 

Круглыя, гарачыя, румяныя з рознымі начыннямі пякліся адразу на вачах у наведвальнікаў.

 

Чарга за імі не змяншалася на працягу ўсяго свята.

Была гэтак жа традыцыйная раздача салдацкай кашы і гарачай гарбаты.

Толькі замест грачанай кашы салдаты частавалі  народ пярловай.

“Нічога дзіўнага – сказалі мне салдаты – сёння грэчка дарагая – адзін кілаграм яе каштуе  прыкладна як тры кіло бананаў”.

 

Маленькія жыхары нашага горада мелі магчымасць не толькі зірнуць скрозь жалезныя краты на звяроў, але і пагладзіць некаторых з іх.

Такую магчымасць давалі работнікі заапарку, на руках ў якіх сядзелі зайцы. Гэтым шанцам скарысталіся з аднолькавым захапленнем як дзеці, так і іх бацькі.

 

Забаўляльная праграма пачалася з  пачастунка гаспадынькай блінамі і сустрэчай Зімы і Дзеда Марозу.

 

З  імі дзеці вадзілі карагоды і спявалі песні, удзельнічалі ў розных конкурсах.

Сыход Зімы і яе спадарожніка Дзеда Мароза папярэднічаў  прыходу Вясны.

 

Традыцыйна пудзіла Масленіцы ці спальвалася ці пускалася па рацэ ўніз па плыні.

Але паколькі месца правядзенне зусім не традыцыйнае тое і растанне з ім было не звычайным – сенна-агароднінае пудзіла парвалі на часткі і скармілі звярам.

Апошнім акордам свята дараванай нядзелі было наведванне Вялікай Прадказальніцы Мацільды.

 

Гэта ў меру сімпатычная брунэтка мядзведжага паходжання  ўдарам лапы па скрынях з надпісамі “позняя” ці “ранняя” вызначала, якой сёлета будзе вясна.

 

І  цуд! Была збіта скрыня з надпісам “ранняя”!

 

Тыя, хто затрымаўся крыху даўжэ ля клеткі Мацільды, разгадалі сакрэт цуду – Вялікая Прадказальніца вылізвала салодкі прысмак са сценак толькі што расцярушанай ёй скрыні.

 

У хуткім часе наша Мацільда можа стаць для гарадзенцаў тым жа, што і  васьміног Паўль для немцаў.

 

 Надвор’е ўнесла свае карэктывы: калі з раніцы было холадна, але сонечна, то пасля абеду неба зацянулася хмарамі і пачаўся снег.

 

Як быццам зіма не жадала сыходзіць, не гледзячы на тое, што гарадзенцы ужо развіталіся з ёю.

 

Але нават гэта акалічнасць не паўплывала на настрой наведвальнікаў заапарка.

Свята атрымалася, аб гэтым сведчылі стомленныя, але  задаволенныя твары дзяцей.

 

Фота аўтара