Вацлаў Спорскі: я заўсёды думаў, чаго я цяпер варты
У мінулым годзе мастаку споўнілася 50 год.
На думку Вацлава Спорскага, гэта той час, калі пачынаецца новы жыццёвы этап – перыяд запалу змяняецца перыядам мудрасці.
Акурат у гэты момант Вацлаў Спорскі (на здымку) меў выставу ў Польшчы, аднак яна не адлюстроўвала таго, што ён хацеў сказаць.
>
– Я тады нават не адзначаў свой дзень нараджэння, – кажа мастак, – бо каб ісці далей, патрэбна была нейкая кропка, а яе не было.
Аўтар зазначыў, што яму хацелася падвесці нейкую рысу, і не проста падвесці, а паказаць сябе новага, нешта пераасэнсаваць.
Таму мастак вырашыў “вярнуцца” да самога сябе, часам паблукаць у далёкім мінулым у пошуках сваёй сутнасці.
– Пра што б я ні пісаў, я заўсёды думаў, чаго я цяпер варты: ці крыху змяніўся ці не – для мяне цяпер гэта самае важнае, – падкрэслівае Вацлаў Спорскі. – Чалавек нараджаецца і мы не ведаем дзеля чаго, але ён павінен прыйсці да нейкай такой маральнай унутранай чысціні, каб зліцца з святлом Божым.
На думку Марысі Мацко (на здымку зправа), уласніцы галерэі, працы аўтарства Спорскага выдае тое, што ў кожнай з іх прысутнічае дынамізм, а таксама непаўторная адмысловая прастора і гармонія, што падкупляе гледача.
– Вацлаў вельмі паглыблены ў сваю творчасць, таму часам нічога не заўважае вакол сябе, – тлумачыць спадарыня Марыся.
– Энергія, якую ён не раскідвае , а назапашвае, потым выліваецца у палотны і “прыцягвае” людзей.
Крыху іншае уражанне пра мастака і яго працы мае Марына Загідуліна, мастацтвазнаўца, якой давялося адкрыць шмат выстаў Вацлава Спорскага.
– Мне падаецца, што гэты чалавек вельмі шчыры і адкрыты, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.
Своеасаблівасць прац Вацлава Марына Загідуліна бачыць у тым, што у цэнтры прасторы на яго карцінах заўсёды есць чалавек, які з’яўляецца дамінантай у сэнсавых і каларыстычных адносінах, бо прыгажось чалавека нязменна, а пачуцці кахання, любові застаюцца на працягу стагоддзяў.
– Увогуле, Вацлаў – таленавіты мастак, – падкрэслівае мастацтвазнаўца, – і Гародня гэта яшчэ ацэніць.
Фота аўтара