Студэнт са Шры-Ланкі: пра Гродна, знаёмства з дзяўчатамі і беларускую кухню
Гэтым разам нашым суразмоўцам стаў студэнт 3-га курса медуніверсітэту Сціў Дзевараджамутхалі са Шры – Ланкі.
У Гродна юнак прыехаў зімой 2007 года і адразу, па яго словах, закахаўся ў горад.
– Як ты даведаўся пра Беларусь і чаму вырашыў тут вучыцца?
– У маей краіне вышэйшая адукацыя бясплатная, але ва ўсіх універсітэтах маленькія наборы.
Паступіць вельмі цяжка, бо конкурсы вельмі вялікія. Большая частка нашай моладзі навучаецца за мяжой.
Я з дзяцінства марыў стаць лекарам, шукаў магчымыя варыянты.
Мой сябар паклікаў мяне вучыцца разам з ім у Беларусі.
Прызнаюся шчыра, да таго часу як трапіў сюды, я думаў, што Беларусь – гэта частка Расіі.
У аэрапорце я спытаў: “Мы ў сталіцы?”.
Мне адказалі, што так.
Я аглядзеўся і быў здзіўлены, чаму аэрапорт ў Маскве такі маленькі і пусты?
Ужо потым мне растлумачылі, што Беларусь самастойная краіна і сталіца яе – Мінск.
Не ведаю, чаму не здагадаўся перад гэтым пацікавіцца пра будучае месца свайго навучання ў Інтэрнеце.
– Якое было твае першае ўражанне ад Беларусі, Гродна?
– Я прыехаў у Беларусь у 2007 годзе.
Быў снежань і ўсе навокал было белым. Так адбылася мая першая сустрэча са снегам.
Першы дзень у гарадзенскім медуніверсітэце
Гэта неверагоднае уражанне!
Я адразу закахаўся ў зіму. І Гродна вельмі спадабаўся. Асабліва парк Жылібера.
– Як табе беларусы, гарадзенцы? Як яны ставяцца да цябе?
– Беларусы цікавыя людзі, вельмі любяць разглядаць нас у транспарце.
Аднойчы ў тралейбусе нейкі мужчына спытаў у мяне, чаму я такі чорны. Я жартам адказаў, што перастараўся с загарам.
Але я стараюся не заўважаць касых поглядаў у транспарце і больш не хажу на начныя дыскатэкі, бо ўсе мае былыя паходы з сябрамі ў клубы сканчаліся праблемамі.
Чамусьці маладыя людзі лічаць, што раз мы прыйшлі на дыскатэку, то хочам пабіцца з імі.
З дзяўчатамі кантактаваць нашмат прыемней.
Але сам я баюся знаёміцца, бо рэакцыя на знаемства з іншаземцам ў кожнай асобнай дзяўчыны можа быць рознай.
– А знаемых, сяброў сярод беларусаў шмат?
Не, вельмі мала. Гэта ў асноўным моладзь, з якімі разам наведваю пратэстанцкую царкву.
Мы часта збіраемся разам, святкуем дні народзінаў, летам гуляем у валейбол.
У вольны час – размаўляю са сваімі роднымі ў скайпе, ці з сябрамі, якія раз’ехаліся вучыцца ў розныя краіны.
А яшчэ вельмі люблю танцаваць.
Мінулым летам мы з сябрамі прадстаўлялі нашую краіну на Фестывалі нацыянальных культур, і спецыяльна падрыхтавалі танец.
– А як складаюцца твае адносіны з аднагрупнікамі? Канфлікты здараюцца?
– Са мной разам вучацца студэнты з Індыі, Пакістана, Шры-Ланкі. Але канфлікты здараюцца не часта, нягледзячы на тое, што ў нас розныя культуры, рэлігіі.
Наадварот, нам цікава пазнаваць пра іншыя краіны, пра іх традыцыі, культуру.
Паміж сабой размаўляем на ангельскай мове. Для мяне гэта зусім не цяжка, бо вывучыў яе яшчэ ў школе.
>
Сціў у пачатковай школе
У маёй краіне ўся вышэйшая адукацыя на ангельскай мове, таму нас рыхтуюць да гэтага ўсе 13 гадоў у школе.
– Калі б была магчымасць застацца ў Беларусі, ты зрабіў бы гэта?
Не. Руская мова вельмі цяжкая, да іншаземцаў не вельмі добразычліва ставяцца, у лекараў вельмі маленькія заробкі.
І да беларускай кухні, у якой адна бульба, не магу прывыкнуць.
Цяжка знайсці спецыі, нават гарбату мы прывозім з дому, бо тое, што прадаецца ў вашых крамах, ужываць немагчыма.
Цікава тое, што нам у Шры-Ланцы прадаюць самыя горшыя гатункі гарбаты, бо ўсе лепшыя ідуць на экспарт.
Чаму да вас гарбата даходзіць такая нясмачная – невядома.
– Чым плануеш заняцца, калі вернешся дадому пасля атрымання дыплому?
Я навучаюся ўжо 3 гады і ў прафесіі лекара пакуль што не расчараваўся.
Таму, калі вярнуся дадому, мару падцвердзіць дыплом і працаваць кардыёлагам.
Відэа з архіву Сціва Дзевараджамутхалі.