Забягалаўка ў лепшым значэнні гэтага слова

| Без катэгорыі

Літоўская піцэрыя з няхітрай назвай “Піца і кава” – гэта месца, куды хочацца вяртацца. А гэта дзякуючы піцы, піцы, яшчэ раз піцы, каве, ну і абслугоўванню, куды ж без яго.

Гаспадар “Піцы і кавы” Томаш Пецюл

 

Так, там вельмі смачная піца. Так, там самая лепшая піца ў горадзе.

 

Здаецца, яна там таксама і самая вялікая.

 

Да таго ж, па цалкам прымальных коштах. Няўжо піцэрыя павінна мець яшчэ нейкія адмысловыя плюсы?

 

Калі так, то яны ёсць і іх шмат: перадусім, гэта бясплатны Wi-Fi, які даўно ва ўсім свеце ўжо стандарт і толькі ў нас яго дагэтуль нават са свечкаю не знайсці.

>

Па-другое: там не паляць. Наогул.

 

Па-трэцяе, зала невялікая, нават камерная, утульная.

 

З музыкай таксама ўсё ок: большасць часу грае нейкі прыстойны поп, хаця ў адзін з пяці маіх візітаў гучала жахлівейшая трэш-пачварнасць: “Валера, Валера! Ты словно снег, самый первый. Валера, Валера! Любовь, надежда и вера. Валера, Валера! Нана-нана-лаирейра…”.

 

Спішам тое на густы бландзіністай дзяўчынкі, бо тут усё проста: яна не ў маім гусце, вось і музыку яе я не прымаю.

 

Надзвычай цешыць і абслугоўванне: да Вас, вядома, ніхто не падыйдзе, каб прыняць замовы, усё ж такі гэта не рэстаран, але могуць прынесці гатовую піцу, калі Вы спадабаецеся персаналу.

 

Вам абавязкова ўсміхнуцца, адкажуць цёплым словам на Вашае, запытаюцца, ці смачна елі.

 

А калі Вы пачнеце з’яўляцца там часцей – Вас, мабыць, і запамятаюць і будуць вітаць як добрага сябра.

 

І гэта ўсё пры тым, што “Піца і кава” – самая сапраўдная забегалаўка, без аніякіх танных пантоў.

 

 

 

 

 

Мінусы?

 

Заўважная небяспечная тэндэнцыя павольнага павялічэння коштаў.

 

Часопісы, раскладзеныя на сталах, яўна заніжаюць інтэлектуальны ўзровень гасцей: раю набываць National Geographic, Esquire ці хаця б мінскі “Большой” або “Піўную газету”, а ўсякія “Отдохни” павыкідаць нафіг.

 

У прыбіральні павесіць папяровыя рушнікі, а сушылку для рук зняць і загнаць камусці на Скідзельскім.

 

Яшчэ хвалююць прыступкі на ўваходзе – на шчасце, ужо вясна пачынаецца, але ў марозныя зімовыя дні на іх можна было лёгка страціць жыццё ці пару зубоў – плітку трэба мяняць, бо будзе бяда.

 

Іншыя парады?

 

Адкрыць паліцу для буккросінга, выкінуць неэкалагічныя пластыкавыя кубкі для піва (піццё з гарла ніхто не адмяняў), больш строга акрэсліцца з музыкай, увесці прамоцыі, сяброўскія карткі, розныя акцыі (вось на днях будзе Дзень Святога Патрыка – чым не нагода ліць піва за палову цаны?) ды іншую капіталістычную мішуру.

 

Што маем у выніку? За выняткам невялікіх прамашак – надзвычай перспектыўнае месца, канкурэнцыі якому ў Гродне зараз проста няма.

 

А можа і не будзе: да нас дайшлі чуткі, што ўладальнік на адной піцэрыі не спыніцца і хоча адкрыць у сутарэннях таго самага будынку піўны паб.

Думаеце, гэты артыкул купілі?

 

Маўляў, літы шчодра пасыпаліся з буржуазнага гаманца ў маю кішэню і я набыў сабе на вясну новыя кеды Канверс ці смартфон?

 

Маеце рацыю – “Піца і кава” мяне купіла: смакам, коштамі, абслугай і Wi-Fi.

 

Месца праверана “Тваім Стылем” – можа калісці там сустрэнемся.

 

Фота Юліі Каляды