Мікола Таранда: “Паходня” аб’яднала ўсю Гародню”.
Шмат гадоў “Паходня” ладзіла штотыднёвыя сустрэчы і імпрэзы з удзелам пісьменнікаў, гісторыкаў, мастакоў, філосафаў, прадстаўнікоў беларускай дыяспары.
Мікола Таранда – заснавальнік і першы старшыня “Паходні”:
–У тыя часы часта гаварылі, што гісторыі і мовы ў Беларусі не было, таму я і вырашыў сабраць аднадумцаў. На першае паседжанне 12 сакавіка 1986 года сабраліся 19 чалавек.
У Праграме дзейнасці “Паходні” было запісана:
-знаёміцца з гістарычнымі падзеямі, помнікамі архітэктуры і літаратуры краю;
-размаўляць па-беларуску і папулярызаваць беларускую мову;
-вывучаць жыццё, творчасць выдатных прадстаўнікоў мінулага і сучаснага;
-удзельнічаць у паходах па выдатных месцах Беларусі;
-прапагандаваць беларускую літаратуру, фальклор, звычаі і традыцыі.
Мікола Таранда:
– Мы аб’ядналі ўвесь горад, захавалі столькі помнікаў (напрыклад, будынак архіва і забудова плошчы Тызенгаўза), адшукалі і добраўпарадкавалі магілу маці Максіма Багдановіча, не далі пашырыць АЗОТ, змагаліся за вывад ракетных баз з тэрыторыі Беларусі, праводзілі фестывалі беларускага року “Рок-крок”, ладзілі навуковыя канферэнцыі.
Клуб “Паходня” паступова ператварыўся ў грамадскае аб’яднанне, якое існуе дагэтуль, але актыўнай дзейнасці не вядзе.
Мікола Таранда:
– Мы не дзейнічаем пакуль, бо няма дзе.
Да таго ж шмат былых актыўных удзельнікаў “Паходні” ініцыявалі стварэнне розных таварыстваў і грамадскіх арганізацый, якія працягваюць займацца тым, што рабіла “Паходня”.
Гэта і Таварыства беларускай мовы, аб’яднанне маладых навукоўцаў ”ВІТ”, грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар”, хор беларускай духоўнай музыкі “Бацькаўшчына”, клубы, фонды…”
На фота: Пахаднянцы на месцы пакарання Кастуся Каліноўскага. 20.03.1988 г.
Фота з архіва Міколы Таранды