“Рэквіем па непатрэбных рэчах” ад Віктара Шалкевіча
Віктар Шалкевіч:
– Адчуў нейкае жаданне напісаць пра тыя рэчы, якія зрабілі нас тым, чым мы ёсць. Бо на нас уплывалі не толькі людзі, ёсць маса рэчаў, якія выхавалі нас: бацькавыя папругі, кітайскія аўтаручкі, машынка, якой нас стрыглі.
І вось узнікла кніжачка, у якой я “адпеў” па ўсіх рэчах ад радыёлы “Урал-57” да кніжачкі амерыканскага астранома Рэя “Зоркі”, якую я чытаў яшчэ ў школе, а праз трыццаць пяць гадоў убачыў у амерыканскай краме.
Вядомы перадусім як аўтар песен, Віктар Шалкевіч дэбютаваў у 80-ыя гады як празаік, атрымаўшы за лепшы дэбют прэмію часопіса “Маладосць”.
На сёння амаль скончаная яшчэ адна кніжка Шалкевіча “Мястэчка Г. і ваколіцы”.
В.Шалкевіч:
– Гэтая кніжка будзе прысвечаная людзям, якія жылі і, дзякаваць Богу, яшчэ пакуль жывуць побач. Я яе амаль напісаў за 12 дзён у Готландзе.
Там будзе і пра старажытныя скарбы, і пра падземныя хады, аповед “Пра Леніных і Сталіных” і шмат цікавага.
Фота Віктара Шалкевіча з сайта http://realaudio.rferl.org