Касцёл не разводзіць!

|

Што такое касцёльны суд, чым ён займаецца?

 

Каталіцкая супольнасць, як і любая іншая людская супольнасць, павінна кіравацца законам.

 

Касцёльны суд створаны дзеля таго, каб рэгуляваць жыццё вернікаў і вырашаць юрыдычныя спрэчкі, якія датычаць Кананічнага Права.

 

Касцёльны суд Гродзенскай Дыяцэзіі, як і аналагічныя суды ў іншых краінах, перш за ўсё разглядае сужэнскія справы.

 

Калі быў створаны суд для католікаў Беларусі, у прыватнасці, для вернікаў Гродзенскай Епархіі?

 

Магчымасць абараняць свае правы у касцёльным судзе беларускія вернікі атрымалі у 1990 г.

 

Міждыяцэзіяльны суд у Гродне быў створаны ў 1994 г.

 

Сваёй дзейнасцю ён ахопліваў Гродзенскую дыяцэзію і апостальскія адміністрацыі на тэрыторыі еўрапейскай часткі Расіі, Сібіры і Казахстана.

 

Пачынаючы з 2009 г. юрысдыкцыя суда была звужана да тэрыторыі Гродзенскай Дыяцэзіі.

 

Яго сядзіба знаходзіцца ў Гродне, па вуліцы К. Маркса, 4.

 

У св. Пісанні гаворыцца: “Што злучыў Бог, чалавек няхай не разлучае”. Аднак, паводле статыстыкі, колькасць скасаванняў шлюбаў на Гарадзеншчыне няўмольна расце. Ці можна атрымаць касцёльны развод?

 

Няма ніякіх касцёльных разводаў, бо шлюб, заключаны і аформлены, не можа быць скасаваны аніякай людской уладай і ні з якой прычыны, акрамя смерці.

 

Людзі часта блытаюць два паняцці: развод і ануляванне сужэнства.

 

Пра развод мы гаворым у сітуацыі, калі скасоўваецца шлюб, які лічыўся сапраўдным.

 

Ануляванне сужэнства прадугледжвае, што дадзены шлюб па нейкіх прычынах ужо ад самага пачатку быў несапраўдны.

 

Касцёл не прызнае разводаў, аднак можа сцвердзіць сапраўднасць альбо несапраўднасць сужэнства. У гэтым яго адрозненне ад свецкага суда.

 

Штогод мы разглядаем каля 50 такіх спраў.


Што можа сведчыць пра несапраўднасць сужэнства?

 

Кодэкс кананічнага права змяшчае 12 перашкодаў для заключэння сапраўднага сужэнскага саюза: узрост, кроўнасць, сваяцтва, розная вера, імпатэнцыя, пасвячэнне, вечны публічны шлюб чысціні, забойства сужэнца, сужэнскі вузел, выкраданне чалавека, публічная прыстойнасць, юрыдычная кроўнасць.

 

Калі ў кагосьці з вернікаў ёсць нейкая з названых вышэй перашкодаў, то ён не можа заключыць сакрамэнтальнае сужэнства.

 

Аднак калі перашкода была ўтоена і дайшла справа да заключэння сужэнскага саюза, а ён распаўся, то такой справай займаецца касцёльны суд.

 

Існуюць таксама хібы сужэнскай згода, якія дазваляюць лічыць несапраўдным шлюб, узяты пад прымусам, альбо калі не хапіла мудрасці, не былі зразумелыя сужэнскія правы і абавязкі.

 

Тое ж самае тычыцца сітуацыі, калі сужэнства трактуецца неадпаведна з каталіцкім вучэннем як часовы саюз альбо саюз, які выключае патомства.

 

Такі вердыкт, як несумяшчальнасць характараў, на падставе чаго разводзяць у свецкім судзе, не прымаецца пад увагу.

 

Ніхто не падбірае для стварэння сям’і нарачоных з аднолькавымі характарамі, такіх і знайсці, напэўна, немагчыма, бо ўсе мы ў той ці іншай ступені розныя.

>

Які парадак судовага працэсу у касцёльным судзе?

 

Працэс аб прызнанні несапраўднасці сужэнства трэба распачаць з дакладнага аналізу справы, высвятлення магчымых прычынаў, паводле якіх сужэнства можна прызнаць несапраўдным.

 

Калі хто-небудзь дапускае, што яго шлюб, каторы распаўся, мог быць несапраўдным, то ён павінен абмеркаваць гэта са сваім пробашчам і толькі тады, калі пробашч прызнае неабходным, трэба скіраваць справу ў касцёльны суд.

 

Трэба звярнуцца да кампетэнтнай асобы, на прыклад, касцёльнага адваката альбо кананічнага юрыста.

 

Пасля рыхтуецца і складаецца позва, якую прымае суд.

 

Позва павінна змяшчаць апісанне жыцця пары перад сужэнствам, прычыны, па якіх быў ўзяты шлюб, а таксама апісанне сумеснага жыццё пасля шлюбу, каб выразна паказаць прычыны несапраўднасці сужэнства.

 

Абавязкова трэба указаць дадзеныя трох ці чатырох сведкаў.

 

Калі заява адпавядае ўсім крытэрыям, то яна будзе прынята і тады пачынаецца кананічны працэс.

 

Для яго правядзення склікаецца калегіяльны трыбунал.

 

У судовым працэсе будуць браць удзел суддзі, натарыўсы, абаронца сужэнскага саюза( прадстаўляе аргументы, якія сведчаць супраць несапраўднасці сужэнства), адвакаты, і прамотар справядлівасці.

 

Кожную справу разглядаюць мінімум тры суддзі, якія выносяць вотум — рашэнне аб прызнанні сапраўднасці альбо несапраўднасці сужэнскага саюза.

 

Працэс у касцёльным судзе мае іншы характар, чым у грамадзянскім: бакі і сведкі праслухваюцца індывідуальна, а судовы працэс не мае публічнага характару.

 

Касцёльны суд Гродзенскай Дыяцэзіі з’яўляецца судом першай інстанцыі.

 

Вынесены ім вердыкт пасля павінен быць пацверджаны судом другой інстанцыі, які знаходзіцца ў Мінску.


Як доўга разглядаюцца справа?


Прыкладна паўтары гады, два.

 

Найбольш часу займаюць публікацыі і разгляд актаў справы.

 

Здараецца, што вернікі, нязгодныя з рашэннем суда, падаюць апеляцыю. Гэта таксама зацягвае справу.

 

Часам ход справы ўскладняецца неабходнасцю правядзення медыцынскай экспертызы: абодва сужэнцы, альбо адзін з іх, накіроўваюцца на агляд да псіхолага, псіхатэрапеўта, сэксолага ці іншых спецыялістаў, каб выявіць псіхічныя, сэксуальныя і іншыя адхіленні, альбо наадварот, даказаць іх адсутнасць.


Хто можа выконваць функцыю касцёльнага суддзі?

 

Праца суддзі патрабуе ведаў у межах касцёльнага сужэнскага і працэсуальнага права.

 

Неабходна мець вышэйшую адукацыю, навуковы тытул ліцэнцыята альбо доктара юрыдычных навук.

 

Свецкая асоба таксама можа выконваць функцыю суддзі, аднак для гэтага патрабуецца згода Канферэнцыі біскупаў.

 

Больш падрабязную інфармацыю пра пытанні сапраўднасці сужэнства у Кананічным Праве можна знайсці тут