Гарадзенцы маюць шанс дапамагчы ахвярам катастрофы ў Японіі

|

Ужо ў пятніцу па гарадзенскіх арганізацыях і прадпрыемствах пойдуць валанцёры арганізацыі, якія будуць расклейваць улёткі і распавядаць пра магчымасць пералічыць ахвяраванні на спецыяльны рахунак “Чырвонага крыжа”.

 

Як паведаміла “Твайму стылю” кіраўніца гарадзенскай абласной арганізацыі “Чырвонага крыжа” Раманія Скамарошка, збор сродкаў ажыццяўляецца па просьбе японскага “Чырвонага крыжа”.

 

Сабраныя ахвяраванні пойдуць на закупку і дастаўку харчавання, медыкаментаў, вопраткі, вады, сродкаў камунікацыі і іншых рэчаў, якія найбольш патрэбныя зараз ахвярам трагедыі.

 

Рэчы для пацярпелых збірацца ў Гродне і іншых гарадах Беларусі не будуць.

 

Па словах сп-ні Скамарошка, на транспартыроўку сабраных рэчаў у Японію спатрэбіліся б вялікія грошы.


Чытачы “Твайго стылю” таксама могуць зрабіць свае ахвяраванні на разліковы рахунак Беларускага Чырвонага Крыжа 3015740099012, аддзяленне № 539 в ААТ «Белінвестбанк», г. Мінск, код 739 , УНП 100265026, БІК (МФО) 153001739 з пазнакай «Дапамога Японіі».

 

Ахвярамі цунамі і моцных землятрусаў у Японіі сталі сотні тысяч жыхароў гэтай краіны. Звыш за тры тысячы чалавек загінулі. Тысячы прапалі без звестак.

 

У краіне захоўваецца таксама пагроза радыёактыўнага выбуху на пашкоджаных у час прыроднай катастрофы АЭС.