На Гродзеншчыну вяртаюцца птушкі з выраю
Старшыня гродзенскага аддзялення грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Дзмітрый Вінчэўскі:
– Відаў трыццаць ужо прыляцела.
З-за снегу жаўрукі і кнігаўкі на пару тыдняў спазніліся, затое некаторыя, напрыклад, белая пліска, прыляцелі раней. Магчыма, яны зімавалі непадалёк, нават у Польшчы.
У асноўным жа сёлета птушкі вяртаюцца да нас з выраю ў звычайны тэрмін.
У мінулую суботу ў горадзе заўважылі першую пустальгу, магчыма, гэта з тых, што гняздуюцца за скульптурай Святой Алены на Бернардынскім касцёле.
Таму заўтра пойдзем да пробашча, дамаўляцца, каб зноў устанавіць відэакамеру для назіранняў за гняздом сокала-пустальгі.
Будзем рабіць ці прамую трансляцыю, ці выкладаць відэафайлы.
У мінулым годзе з дапамогай камеры атрымалася прасачыць за патаемным жыццём гродзенскіх сокалаў – ад адкладкі першага яйка да кармленне амаль дарослых птушанят.
Астранамічная вясна прыйдзе ў Беларусь 21 сакавіка, але ўжо сёння дзень зраўняўся з ноччу, і наступныя паўгады светлы час сутак будзе даўжэйшы за цёмны.
Фота з сайта http://birdwatch.by