Каталікі адгукнуліся на японскую трагедыю
Як распавёў кс. Павел Салабуда, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі, у нядзелю ўся каталіцкая супольнасць Беларусі малілася ў інтэнцыі ахвяраў землятрусу і цунамі ў Японіі, таксама пачалася акцыя па зборы грашовых сродкаў для пацярпелых японцаў.
На карысць пацярпелых пойдуць грошы, ахвяраваныя падчас учарашніх набажэнстваў.
Збор сродкаў у касцёлах працягнецца да канца сакавіка.
Ва ўсіх касцёлах было прачытана паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды стыхійных бедстваў ў Японіі.
У ім біскупы заклікалі духавенства, а таксама усіх вернікаў адгукнуцца на патрэбы пацярпелых ад землятрусу.
– Няхай нашая малітва і матэрыяльная дапамога будуць знакам хрысціянскай салідарнасці з тымі, хто разлічвае на нашую чуйнасць, – гаворыцца ў звароце.
Словы спачуваня народу, пацярпеламу ад стыхіі выказаў таксама Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
– Міласцівы Божа, уціхамір стыхію, прымі ў сваё Валадарства загінуўшых, адары ласкаю здароўя пацярпелых ад катаклізму і яго наступстваў, ратуй свет ад новага Чарнобыля, дай новую надзею краіне ўзыходзячага сонца, – адзначыў у сваім звароце да вернікаў пастыр.
Фота з сайта vesti.ru