Летні час у Беларусі можа застацца назаўжды
Як паведаміў БЕЛТА намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Сяргей Іўлеў, міжгаліновая камісія часу, частаты і вызначэння параметраў абароту Зямлі разгледзіць гэтае пытанне да лета 2011 года.
На рашэнне ўрада Беларусі безумоўна паўплывае не толькі меркаванне медыкаў і эканамічныя разлікі, але і рашэнне Расіі, якая збіраецца адмовіцца ад пераводу гадзіннікаў на зімовы час.
Зараз часавыя паясы Беларусі і Расіі адрозніваюцца на адну гадзіну, хутчэй за ўсё Беларусь пастараецца такі стан рэчаў захаваць.
Сяргей Іўлеў:
– Мы ажыццяўляем такі пераход для таго, каб карэспандаваць яго з суседнімі краінамі, дзе таксама пераводзяць стрэлкі гадзінніка, каб мы жылі ў прасторы, дзе скаардынаваныя часавыя пераходы.
…Калі ў Расіі прымуць рашэнне ўвосень не пераходзіць на зімовы час, то Беларусь застанецца фармальна адзінай краінай у ЕўрАзЭС, у Мытным саюзе, дзе такі працэс будзе захоўвацца.
Два разы на год мяняюць час на зімовы і летні каля 80 краін у свеце.
Эканамічная мэтазгоднасць пераводу стрэлак гадзіннікаў выклікае ўсё большыя сумнівы, затое медыкі кажуць пра відавочную шкоду змены часу для здароўя, асабліва дзяцей і сталых людзей.
Фота з сайта http://www.liveinternet.ru