Першая Крытычная маса сезона стартуе ў Гродне 25 сакавіка

|

Па патрабаванні ДАІ, якую клапаціла перадусім бяспека мерапрыемства, арганізатары крытычнай масы былі вымушаныя згадзіцца пачаць акцыю на гадзіну раней – у 18.00 замест звыклых 19 гадзін.

Да таго ж маршрут давялося скараціць такім чынам, каб укласціся ў гадзіну.

ДАІ аргументавала сваі патрабаванні тым, што цямнее дастаткова рана, таму пажадана скончыць велапрабег , пакуль бачнасць на дарогах застаецца добрай.

 

Маршрут сёлетняй  Крытычнай масы выглядае так: Савецкая плошча – стары мост – Савецкіх Памежнікаў – новы мост – Веснавая – Болдзіна – БЛК – Горкага – пл.Леніна –вул.Савецкая – Савецкая плошча.  

 

Адзін з арганізатараў акцыі, Іван Найдзёнаў:

–  Крытычная маса пройдзе пад лозунгам “Узаемаразуменне”.

Гэта была ініцыятыва ДАІ, каб кожная акцыя мела нейкае прысвячэнне.

Гэтым разам ДАІ прапанавала прысвяціць Крытычную масу ўзаемаразуменню паміж усімі ўдзельнікамі дарожнага руху: пешаходамі, раварыстамі, матацыклістамі, аўтамабілістамі.

Сцягі з адпаведнай сімволікай будуць на машынах суправаджэння, а для раварыстаў мы рыхтуем спецыяльныя налепкі.


Асаблівую падзяку за садзеянне мы хочам выказаць начальніку аддзела фізкультуры і спорта аблвыканкамі Руслану Вячаслававічу Красічкаву.

Мы хацелі ўжо звярнуцца з лістом ў органы ўлады, каб хоць нехта з іх да нас далучыўся, падтрымаў наш рух, а Руслан Вячаслававіч сам выказаў такое жаданне.

Чакаем, што нас назбіраецца чалавек 50-60, для адкрыцця сезона гэта нармальна, найбольш раварыстаў збіраецца ў маі і верасні.


Крытычная маса стартуе 25 сакавіка ў 18.00 на Савецкай плошчы.

 

Арганізатары звяртаюцца да ўсіх удзельнікаў з просьбай мець пры сабе светлавое абсталяванне і флікеры на вопратцы і ровары.

 

Фота з адкрыцця сезона-2010 з сайта http://velo.grodno.net