ГІСТОРЫЯ ПРА ФІЛУМЕНУ І ДАМІНІКА

|

«Вечер» Дударава надзвычай цікавая і даволі складаная п’еса, аднак Брэсцкім тэатрам пастаўленая ў перакладзе на рускую мову. Я сабе не магла ўявіць, як тры нашыя родныя беларускія дзядулі і бабуля будуць сядзець на лаўцы і гаварыць па-руску. Таму гэты варыянт адпаў. Камедыя Рэя Куні? Але я ўжо бачыла «Занадта жанаты таксіст» у пастаноўцы гарадзенскага тэатра, і таму камедыі кшталту «тупа пасмяяцца» хапіла і аднаго разу. Тады застаецца «Філумена Мартурана».

Мяне зачапіла спалучэнне слоў «камедыйная меладрама», «тэатр драмы і музыкі» і прыгожая італьянская назва. Карацей, імпанавала ўсё. Уяўлялася вясёлае музычнае шоў з пышнымі сукенкамі. Часам бывае, што з самых першых акордаў музыкі спектакля, з самага першага моманту, калі толькі бачыш дэкарацыі спектакля на сцэне, першыя рухі актораў, ты разумееш, што ўжо ўсё падабаецца. І ты латвей уладкоўваешся ў крэсле, каб з задавальненнем назіраць за відовішчам на сцэне. Радзей бывае, што першае ўяўленне цябе не падмане і ты даглядзіш спектакль на адным дыханні. А часам цябе ўсё не задавальняе з самага пачатку. У мяне так атрымалася з спектаклем «Філумена Мартурана». Гэта вельмі вядомая п’еса, па якой быў пастаўлены фільм «Шлюб па-італьянску» з Сафі Ларэн і Марчэла Мастраяні ў галоўных ролях. Канешне, адзін і той жа твор увасабляецца ў кіно і тэатры абсалютна па-рознаму. Аднак, на мой погляд, рызыка была дастатковая: граць вельмі складаныя характары Філумены і яе каханка, а потым мужа Дамініка Сарыяна пасля бліскучай гульні італьянскіх зорак… Трэба было адшукаць нейкую сваю ўласную, сцэнічную фішку. Самае першае, што здзівіла, гэта дэкарацыі. У прынцыпе, іх магло і не быць на сцэне. Наўрад ці гэта нешта змяніла б. Звычайная гасціная безадносна да нейкага часу ці моды, сцяна аплеценая штучнымі кветкамі. І зверху ліхтарыкі. Адзінае, што «загаварыла» ў спектаклі, гэта ліхтарыкі. У канцы, у сцэне вянчання Філумены і Дамініка, мусіла загарэцца вялізная колькасць свечак у касцёле. Вось тады гэтыя ліхтарыкі і запаліліся. Таксама музыка. Праз увесь спектакль гучала так бы мовіць фонавая музыка, часам ну проста рэлаксацыйная. Такога кшталту музычнае афармленне хутчэй уласціва кіно – калі разам з дыялогамі герояў гучыць нейкая тэма. У гэтым спектаклі асноўнай тэмай была кампазіцыя Яна Тэрсена, кампазітара, які пісаў музыку да стужку «Амелі». Мяне такі выбар, мякка кажучы, здзівіў. Італьянскі тэмпераметр, шквал эмоцыяў, гарачыя дыялогі – і разважлівы, ненавязлівы Ян Тэрсен. У прынцыпе, на ўсё гэта можна не звяртаць асаблівай увагі, калі цябе захапляе акторская гульня. Нават не гульня, а самыя героі. Калі ты бачыш у іх рэальных людзей, якім спачуваеш, з якімі перажываеш, абураешся, весялішся… І не задумваешся асабліва над нюансамі акторскай гульні.

А вось Філумена і Дамініка прымушалі задумвацца. Найперш, напружвала тое, што галоўныя героі гаварылі вельмі гучна, папросту крычалі, і актыўна жэстыкулявалі на манер італьянцаў. Спроба граць італьянскі тэмперамент выглядала некалькі недарэчнай. І як ні парадаксальна, Філумена пры гэтым была надта спакойнай і абыякавай. Чаго вартая першая сцэна, калі яна з хвіліну засяроджана-спакойна чысціць яблык, у той час як Дамініка выкрыквае ёй усе магчымыя абвінавачванні і выцірае з ілба пот ад напружання. Здаецца, ейнага практычнага і цынічнага погляду на жыццё і людзей не можа змяніць нішто. Таму ейная ўважлівасць і мацярынская любоў да трох дарослых сыноў, каханне да падманшчыка Дамініка выглядаюць вельмі незразумела і непераканаўча. А

днак вельмі імпанавалі маладыя акторы, найперш, якія гралі трох сыноў Філумены. Старэйшы, працоўны і бацька трох дзяцей, сярэдні, уладальнік крамы і тыповы італьянскі лавелас і малодшы, сціплы і вельмі сур’ёзны малады чалавек. Неверагодна абаяльнае трыо! Атрымаўся цудоўны і каларытны акторскі ансамбль. Самы малады актор некалькі разоў зрываў у залі апладысменты. Хлопцы прыкметна ажыўлялі спектакль. Вельмі ўдала атрымалася ў маладой акторкі абаяльная і спрытная служанка сям’і Сарыяна. Яшчэ адна каларытная асоба – шафёр Дамініка. Сталы чалавек, у пінжаку і з залатым ланцугом на шыі, ён хутчэй нагадваў хроснага бацьку італьянскай мафіі. Зрэшты, некаторыя са мной не пагодзяцца. Мая знаёмая сказала, што не звяртала на такія дробязі ўвагі. Бо ёй чымсьці блізкі сюжэт і цікавіў сам па сабе. Іншы знаёмы ледзь не плакаў ад жалю да Філумены, і яму вельмі спадабалася акторка. Затое я бачыла, як адзін гарадзенскі актор у антракце ўвогуле пакінуў залю і на другое дзеянне не вярнуўся…