У Дзень Волі гродзенцы будуць пісаць лісты палітвязням
Сёння спаўняецца 93 гады з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Афіцыйна гэтая дата ў Беларусі не адзначаецца, але прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці святкуюць яе як Дзень Волі.
Гродзенскі хор беларускай духоўнай музыкі “Бацькаўшчына” сёння выступіць на ўрачыстасцях, якія ладзяць у Беластоку Радыё Рацыя, Тыднёвік беларусаў у Польшчы “Ніва” і Беларускі саюз у Польшчы .
Канцэрт да Дня Волі пачнецца ў Ваяводскім асяродку анімацыі культуры ў 18 гадзін і будзе транслявацца ў прамым эфіры Радыё Рацыя.
У Гродне да гэтай даты прымеркавана ўскладанне кветак да помніка “Пагоня на Грунвальд”, які стаў для гродзенцаў сімвалам нацыянальнай ідэі.
Людзі збяруцца ля помніка ў Каложскім парку ў 18 гадзін.
Там жа можна будзе напісаць віншаванні са святам палітвязням.
Лісты затрыманым пасля падзей 19 снежня будуць перададзены ў следчы ізалятар заўтра.