Аблаву на п’яных пешаходаў зладзілі на Гродзеншчыне
Акцыя пад назвай “П’яны пешаход” праходзіла на тэрыторыі Гродзенскай вобласці з 23 па 27 сакавіка.
Як распавяла “Твайму Стылю” Ескевіч Таццяна, інспектар ДАІ, у гэтыя дні насельніцтва інфармавалі па пытаннях прафілактыкі наездаў на нецвярозых.
Супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі было арганізавана штодзённае патруляванне асноўных аўтадарог і прылеглых да іх вёсак.
Галоўнай мэтай акцыі было папярэджванне дарожна-транспартных здарэнняў, звязаных з наездамі транспартных сродкаў на пешаходаў і веласіпедыстаў, якія знаходзяцца на праезжай частцы ў стане алкагольнага ап’янення.
Інспектар ДАІ таксама падкрэсліла, што аб фактах знаходжання на дарогах нецвярозых удзельнікаў руху неабходна паведамляць у міліцыю па тэлефоне 102.
Гэта дазволіць прадухіліць магчымыя наезды транспартных сродкаў на пешаходаў і веласіпедыстаў.
Нагадаем, што за парушэнне Правілаў дарожнага руху пешаходамі, якія знаходзяцца ў нецвярозым стане, прадугледжана адміністратыўная адказнасць ў выглядзе штрафа ў памеры ад 3 да 5 базавых велічынь, ці ад 105 000 да 175 000 рублёў.
Фота з сайта aifudm.net