“Гадзіна зямлі” аб’яднала ролераў і школьнікаў

|

Ва ўсім свеце акцыя “Гадзіна Зямлі” пачалася з мінуты маўчання па ахвярах землятрусу ў Японіі.

 

У акцыі “Гадзіна Зямлі” Гродна прымае ўдзел другі год.

 

З упэўненасцю можна лічыць, што ў 2011 годзе да мерапрыемства далучылася ў разы больш гродзенцаў.

 

Гэтаму паспрыяла добрая інфармацыйная кампанія, якая праводзілася на некалькіх узроўнях: камітэтамі прыродааховы і энергазберажэння; адзеламі адукацыі і школамі; блогерамі.

 

Плакаты “Гадзіна Зямлі” можна было сутрэць на вуліцах горада, у крамах і тралейбусах. 

Інфармацыю эфектыўна распаўсюдзілі праз сацыяльныя сеткі і блогі ў адмысловых групах.

 

Частка гродзенскіх удзельнікаў дамовілася сабрацца на “Гадзіну Зямлі” ў цэнтры Гродна.

 

Аднак дрэннае надвор’е стала прычынай даволі слабай off-line актыўнасці.

 

Са слоў арганізатара сустрэчы  Андрэя сабралося толькі 13 чалавек, што крыху сапсавала настрой: “Дасадна, што людзям пляваць на Зямлю”.

 

Трымаючы ў руках знічкі, маладыя людзі хацелі прыцягнуць увагу мінакоў,  а самым цікаўным распавядалі аб тым, што адбываецца. 

Гродзенскія ролеры 26 сакавіка вырашылі таксама актыўна паўдзельнічаць у акцыі «Гадзіна зямлі» і прымеркавалі да яе адкрыццё ролер-сезона 2011г.

 

У гэтым іх падтрымала некалькі веласіпедыстаў, якія ўжо паспелі днём раней адкрыць свой ​​сезон акцыяй «Крытычная маса».

Юля (арганізатар):

  – Я лічу, што любы рух – гэта не проста група людзей, якія збіраюцца з адной мэтай – займацца любімай справай, але гэта людзі, якія маюць пэўную грамадзянскую пазіцыю. Таму кожны рух павінен імкнуцца да нейкіх сацыяльна карысных дзеянняў.


Акцыя “Гадзіна Зямлі” мне падалася менавіта тым мерапрыемствам, у якім трэба абавязкова паўдзельнічаць.


Тым больш, што ролікі – гэта экалагічна чысты “сродак перамяшчэння”.


Не магу гарантаваць тое, што ўсе ўдзельнікі нашай сустрэчы цалкам усвядомілі сутнасць мерапрыемства. Для гэтага трэба ўдзельнічаць у іх не адзін год.


Светапогляд чалавека змяняецца вельмі павольна, але ў любым выпадку вельмі добра сябе адчуваеш, калі зрабіў нешта карыснае і ведаеш, што ў Прыроды ты не проста «бярэш», а яшчэ і нясеш перад ёй адказнасць. 

 

У дні перад 26 сакавіка студэнцкім экалагічным клубам Greensun універсітэта імя Я. Купалы былі праведзены кароткія лекцыі на факультэтах універсітэта аб тым, што такое «Гадзіна Зямлі ” і як крэатыўна правесці час без святла.

 

Каця (арганізатар):

 

– Больш падтрымка і ініцыятыва ішла ад выкладчыкаў, студэнты ж успрымалі нас у жарт. Многія думалі, што ў “Гадзіну зямлі” ўсюды адключаць святло прымусова.

 

Выпадкова ці не, але пасля 7 гадзін вечара тры студэнцкія інтэрнаты на вуліцы Даватара (па словах іх жыхароў), вулічныя ліхтары і светлафоры сапраўды былі адключаны. 

>

Да акцыі “Гадзіна Зямлі” далучылася 15 гродзенскіх школ, у якіх старшакласнікі  распавядалі малодшым як эканоміць энергію і ў чым сэнс акцыі. 

Моладзь далучылася да акцыі больш-меньш з ахвотай.

Цяжэй дамовіцца з гарадскімі прадпрыемствамі.

 

Арганізатары не прапаноўвалі спыніць вытворчасць, а ўсяго толькі выключыць на гадзіну дарагое падсвятленне ці іншае непатрэбнае для працы святло. Аднак самастойна прымаць такое рашэнне ніхто не хацеў – толькі пасля “паперкі зверху”.

 

Упраўленнем па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў  былі разасланы прадпрыемствам і дзяржаўным установам рэкамендацыйныя  лісты з прапановай прыняць ўдзел у акцыі.

 

Па словах намесніка старшыні па інфармацыйнай працы Андрэя Мікалаевіча Мінько, афіцыйныя дадзеныя аб тым, якім чынам ўстановы горада адзначылі “Гадзіну Зямлі”  будуць вядомыя пазней.

 

Па словах старшыні інфармацыйнага адзелу г.Гродна Дзмітрыя Уладзіміравіча Віндыгульскага,  з прадпрыемствамі адносна акцыі «Гадзіна зямлі» была праведзена шырокая інфармацыйная праца.

 

Тым не менш, інфармацыя пра акцыю для простага чалавека на афіцыйным сайце Камітэта аховы прыроды так і не з’явілася. Не было заўважана і афіцыйнага ўдзелу горада ў акцыі: у цэнтры горада ў 20:30 ні на водным будынку не было адключана падсвятленне.

 

Эка-актывістка Юлія лічыць:

 

Пачуццё салідарнасці з супольнасцю неабыякавай да праблем экалогіі – вось галоўная прычына, па якой людзі выключаюць святло ў гэтую гадзіну.


Мы часта прыводзім у прыклад развітыя еўрапейскія краіны з іх экалагічным выхаваннем, асобным зборам смецця, педантычным  стаўленнем да вады і святла. Можа варта і беларусам задумацца аб тым, што прыродныя рэсурсы не вечныя?


А такія сімвалічныя акцыі дапамогуць  прыцягнуць увагу да экалогіі, паступова змяніць адносіны гарадзенцаў да навакольнага асяроддзя, у якім яны жывуць.

 

Дзеля больш эфектыўнай, шматлюднай і выніковай  ”Гадзіны Зямлі” у 2012 г. гродзенскія арганізатары акцыі вырашылі абавязкова аб’яднаць намаганні грамадскіх актывістаў і чыноўнікаў.

 

Здымкі з суполкі “Гадзіна Зямлі” у Кантакце