Махляры прадаюць беларусам скрадзеныя машыны

|

1 красавіка, як паведамляе http://ru.delfi.lt, памежнікі затрымалі беларусаў, якія набылі ў Літве угнаныя ў Францыі і Аўстрыі машыны і спрабавалі вярнуцца на іх у Беларусь.

Памежнікі Друскінінкайскай заставы затрымалі Audi A6 з бельгійскімі нумарамі.

Аўтамабілем 2007 года вытворчасці кіраваў 24-гадовы беларус, які набыў яе ў Літве.

Высветлілася, што машына была скрадзеная ў Францыі. Падмануты беларус вярнуўся дамоў з пустымі рукамі, а Audi A6 засталася на заставе.

У гэты дзень страціў машыну яшчэ адзін беларус, які набыў у Літве Renault Megane  2002 года вытворчасці з італьянскімі нумарамі. Памежнікі спраўдзілі дакументы, і высветлілі, што машына была скрадзеная ў Аўстрыі яшчэ ў снежні 2006 года. Гэтае аўто таксама засталося на мяжы.

Сёлета літоўскія памежнікі затрымалі ўжо 57 скрадзеных машын, якія грамадзяне Беларусі набывалі ў махляроў.

Яшчэ адзін від махлярства – стварэнне фірм-аднадневак па продажы машын праз інтэрнэт.

Апошнім часам два гродзенца і жыхар Ліды павяліся на прапанову набыць аўто па заніжаным кошце. Звязаўшыся з “прадаўцамі” праз электронную пошту, яны перавялі на рахунак  махляроў задатак, аднак чаканых машын так і не пабачылі.

Зразумеўшы, што трапіліся на вуду злачынцаў, пацярпелыя звярнуліся ў міліцыю.