Гродзенскім дзецям – івалідам падарылі акварыум

|

Свята для хворых дзяцей зладзіла моладзь з акадэміцкага душпастарства “Open” з Гродна.

 

Валанцёры прывезлі ў цэнтр акварыум з рыбкамі, дзіцячую мяккую мэблю, а таксама сродкі гігіены.

Алена Васіленка, сацыяльны педагог Гродзенскага карэкцыйнага цэнтра, падкрэсліла, што любая дапамога дзецям-інвалідам і хворым дзецям псіханеўралагічнага профілю аказваецца дарэчы.

 

Так, напрыклад, з падоранага ў рамках дабрачыннай акцыі акварыума пачнецца стварэнне куточка жывой прыроды, аб якім ужо даўно марылі хворыя дзеткі.

>

– Утрымліваць сапраўдных жывёл у цэнтры, дзе няма адпаведных умоваў, цяжка, – гаворыць сп. Алена, – таму абмяжуемся пакуль рыбкамі, а ў якасці астатніх “пітомцаў” будуць мяккія цацкі з гукавым афармленнем.

 

Сацыяльны педагог таксама распавяла, што актыўнае супрацоўніцтва з каталіцкай моладдзю вядзецца ўжо другі год.Валанцёры не толькі дапамагаюць апекавацца дзецьмі, але таксама аказваюць гуманітарную дапамогу.

Дабрачынныя акцыі з удзелам гродзенскай каталіцкай моладзі сталі традыцыйнымі. Яны звычайна прымеркаваны да Дня інвалідаў і Міжнароднага дня аховы дзяцей. Валанцёры таксама праводзяць аукцыёны малюнкаў і падзелак дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

 

Сабраныя сродкі даюць магчымасць закупіць дыдактычны матэрыял, а таксама цацкі для малых.

 

На дадзены момант Гродзенскі карэкцыйны цэнтр наведваюць 160 дзяцей.

 

Акрамя каталіцкай моладзі, валанцёрскую дапамогу дзецям-інвалідам аказваюць студэнты Гродзенскага медычнага каледжа, з якім нядаўна была падпісана ўмова аб супрацоўніцтве, а таксама валанцёрскі атрад “Міласэрнасць” з Гродзенскай школы №23.

 

Фота аўтара