Андрэй Пачобут арыштаваны
Андрэй Пачобут быў затрыманы на падставе пастановы следчага, паколькі, «знаходзячыся пад падпіскай аб нявыездзе, заявіў аб сваім намеры выехаць з горада», — паведаміў «Інтэрфаксу» прадстаўнік абласной пракуратуры.
Паводле яго слоў, следства палічыла, што, пакінуўшы месца жыхарства, Пачобут будзе перашкаджаць правядзенню следчых дзеянняў у рамках заведзенай у дачыненні да яго крымінальнай справы.
Раней у пракуратуры Гродзенскай вобласці казалі, што «крымінальная справа ёсць, але абвінавачванне не прад’яўленае, Пачобут знаходзіцца ў статусе падазраванага, мера стрымання да яго не абіралася».
Дзяжурны ізалятару часовага ўтрымання Казлоўскі на пытанне пра журналіста Пачобута адказаў, што «такую інфармацыю яны не даюць па тэлефоне».
Ізалятар, куды даставілі Андрэя Пачобута ўчора ўвечары, знаходзіцца ў Кастрычніцкім райаддзеле міліцыі Гродна.
Жонка Пачобута Аксана сказала, што Андрэй хацеў 7 красавіка ўзяць удзел у Мінску ў тэлемосце прадстаўніцтва Еўракамісіі з дэлегацыяй Еўрапарлямэнта па сувязях зь Беларуссю.
Андрэй прадбачыў, што яго могуць затрымаць, каб перашкодзіць гэтаму, таму вырашыў паехаць напярэдадні — 6 красавіка, але быў затрыманы і цяпер знаходзіцца ў ізалятары.
Аксана Пачобут паведаміла таксама, што ўчора да іх увечары — адразу пасля працоўнага дня прыйшоў следчы і выдаў позву-зявіцца ў пракуратуры 7 красавіка.
Андрэй сказаў, што можа з’явіцца ў любы іншы час, але паколькі 7-га ў яго сустрэча ў Мінску, то ён з’язджае. Ён напісаў на позве, што не прыйдзе.
Калі журналіст пазней выехаў машынай з Гродна ў Мінск, яго спынілі і папярэдзілі, каб ён вяртаўся назад.
Потым Андрэя Пачобута затрымалі і даставілі міліцэйскай машынай спачатку ў пракуратуру, затым — у ізалятар.
Уначы стала вядома, што Пачобуту змянілі падпіску аб нявыездзе на арышт і даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
Паводле http://www.svaboda.org