Кляшчы выйшлі на веснавое паляванне

|

За медыцынскай дапамогай з сакавіка звярнуліся ўжо дзесяць гродзенцаў.

Кляшчоў яны падчапілі ў Пышках, Румлёве, у лесе каля вёсак Брузгі, Бяляны, Путрышкі, Багушоўка.

Пакуль на гродзенцаў нападаюць лугавыя кляшчы, заразіцца ад якіх цяжэй.

 

 Аднак, як паведамілі “Твайму стылю” ў Гродзенскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, дамінуюць на Гродзеншчыне кляшчы лясныя. 99% пацярпелых становяцца менавіта іх ахвярамі.

 

Тэрмін актыўнасці кляшчоў падаўжаецца.

Асабліва камфортна кляшчы адчуваюць сябе пры цёплым і вільготным надвор’і.

Паводле эпідэміолагаў, у небяспецы  жыхары Гродзенскай вобласці знаходзяцца 245 дзён у годзе.

 

Хаця ў Брэсцкай вобласці зафіксаваныя і выпадкі зімовай актыўнасці кляшчоў.

1 лютага 2009 года клешч укусіў вясковую жыхарку, 9 лютага – чатырохгадовага хлопчыка, які гуляў на лецішчы.

Спецыялісты тлумачаць гэтыя выпадкі надзвычай цёплым надвор’ем, што ўсталявалася на той момант.

 

Колькасць зваротаў пацярпелых ад кляшчоў гродзенцаў у медыцынскія ўстановы таксама павялічваецца, аднак, мяркуюць у Гродзенскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, гэты хутчэй з-за таго, што  ўдасканалілася сістэма рэгістрацыі і ўліку, калі фіксуецца кожны зварот у паліклініку.

 

Кляшчы небяспечныя тым, што праз іх можна захварэць на хваробу Лайма альбо на клешчавы энцэфаліт.

Дарэчы, вірус  энцэфаліта можна падчапіць таксама папіўшы малака ад інфікаванай каровы ці казы.

У пазамінулым годзе такі выпадак быў зафіксаваны ў Слоніме, дзе, пачаставаўшыся малачком на вёсцы ў бабулі, захварэла дзіця.

На шчасце, тады хваробу своечасова спынілі.