Гродзенскія гісторыкі выступілі ў абарону будынка казармы
Звярнуцца ў аблвыканкам гісторыкаў прымусіла рашэнне аб будаўніцтве на тэрыторыі былых армейскіх складоў супермаркета, у выніку якога вышэйзгаданая казарма будзе знішчана.
Віктар Саяпін, адзін з падпісантаў:
–Казарма прадстаўляе гістарычную каштоўнасць, трэба яе выкарыстаць на карысць горада, а не руйнаваць з-за будаўніцтва чарговага гіпермаркета.
Таму гісторыкі і краязнаўцы вырашылі напісаць да старшыні аблвыканкама, каб пры будаўніцтве ўлічыць факт існавання помніка архітэктуры.
Няхай будуюць, але трэба ўключыць будынак казармы ў гаспадарчы і культурны абарот, захаваць дрэвы.
Нам трэба змагацца за нашу спадчыну, і так ужо шмат зруйнавалі ў Гродне.
Гісторыкі ўпэўненыя, што для захавання помніка архітэктуры дастаткова невялікай змены ў праекце.
Пасля рамонту гэты будынак можна будзе выкарыстоўваць у якасці адміністратыўнага, альбо, напрыклад, адкрыць у ім музей вайсковай гісторыі Гродзеншчыны.
Аўтары звароту лічаць, што, калі хаця б часткова захаваць старыя дрэва вакол казармы, гэтае месца ўвогуле стане адным з улюбёных месцаў адпачынку жыхароў занёманскай часткі Гродна.
Акрамя зварота да старшыні Гродзенскага аблвыканкама, абаронцы архітэктурнай спадчыны накіравалі ў дэпартамент па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры міністэрстве культуры заяву на ўключэнне будынка казармы ў спіс нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
З матэрыяламі, сабранымі гродзенскімі краязнаўцамі па будынку казармы на вул.Янкі Купалы, і прапановамі па яго захаванню і выкарыстанню, можна азнаёміцца ў прымацаваным файле.