У Гродне адбудзецца прэзентацыя ўнікальнай інтэрнэт-бібліятэкі
Удзельнікі прэзентацыі даведаюцца пра новыя магчымасці, якія прадстаўляе праект, пачуюць выступы аўтараў, якія супрацоўнічаюць з сайтам, убачаць і змогуць набыць кнігі, выдадзеныя беларусамі Беласточчыны.
Гасцей чакаюць таксама прэзентацыя праекту Беларусы Польшчы вачыма фатографа Андрэя Лянкевіча і канцэрт беларускага барда Алеся Камоцкага.
Беларуская Інтэрнэт Бібліятэка Kamunikat.org узнікла ў 2000 годзе, як прыватная ініцыятыва і на працягу некалькі гадоў існавала на грамадскіх пачатках.
Зараз праект падтрымліваецца сябрамі Беларускага Гістарычнага Таварыства ў Беластоку.
За апошнія 10 гадоў сціплы збор публікацыяў беларусаў Беласточчыны перарос у буйную бібліятэку, якая сёння з’яўляецца адной з найбольш папулярных беларускіх бібліятэкаў у сеціве.
Сёння Kamunikat.org гэта 7 тысяч кніг, газет і часопісаў, персанальныя сайты беларускіх аўтараў, навінкі беларускага выдавецкага рынку.
У бібліятэцы знаходзяцца публікацыі як класікаў беларускай літаратуры, так і маладых пачынаючых аўтараў.
Багатыя зборы гістарычнай літаратуры і кнігаў, недаступных у традыцыйных бібліятэках Беларусі, робяць Kamunikat.org крыніцай інфармацыі для студэнтаў і навукоўцаў.
Пра гісторыю і планы Камуніката ў час прэзэнтацыі распавядуць яе стваральнікі – Яраслаў Іванюк і Наталля Герасімюк.
align=”left” >- Мне падабаецца Камунікат за тое, што ён з’яўляецца выразна беларускім праектам.
Кожны, хто лічыць сябе аўтарам годных твораў, мае магчымасць змясціць іх у гэтай бібліятэцы.
Такіх рэсурсаў не так многа ў Беларусі, таму я вельмі станоўча ацэньваю Камунікат і абавязкова прыйду на прэзентацыю – кажа ў каментары для “Твайго стылю” гарадзенскі гісторык прафесар Алесь Краўцэвіч.
Прэзентацыя пачнецца ў 18.30 па адрасе вул. Будзённага 48а (зала ва ўнутраным дворыку).
Уваход на імпрэзу вольны.