Нашыя ўлюбёнцы з пункту гледжання ЖЭСаў
Гэта ўжо справа густу. А ці ведаеце вы, уладальнікі маленькіх улюбёнцаў, што трэба абавязкова іх рэгістраваць?
Нічога страшэннага, калі не ведаеце, бо гэта мы зараз паправім! А тым, хто «у тэме», яшчэ раз нагадаем навошта гэта трэба.
Чаму трэба рэгістраваць жывёл?
• Па-першае, адзін раз на год праводзіцца бясплатная вакцынацыя зарэгістраваных жывёл ад шаленства на базе ЖЭСа.
• Па-другое, пры рэгістрацыі сабак і катоў іх уладальнікам выдаецца рэгістрацыйнае пасведчанне (куды трэба ўносіць запісы аб зробленых прышчэпках ад шаленства) і жэтон усталяванага ўзору, які павінен быць увесь час прымацаваны да нашыйніка жывёлы. Гэта павялічвае магчымасць хутчэй знайсці жывёлу, калі яна раптам прападзе.
• Па-трэцяе, вы пацвярджаеце свой статус законапаслухмянага грамадзяніна. Бо, згодна «Правілам ўтрымання хатніх жывёл», зарэгістраваным ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь, сабакі і каты падлягаюць рэгістрацыі на працягу трох дзён з дня іх набыцця.
Рэгістрацыя бясплатная. Але невялікі падатак давядзецца плаціць раз у месяц. Паводле Падатковага кодэксу РБ (артыкул 270): «Стаўкі падатку за валоданне сабакамі ўсталёўваюцца ў залежнасці ад вышыні ў карку».
Гэта значыць, што за невявічкага сабачку (да 40 см) трэба плаціць – 0,5 базавай велічыні. За сабачку сярэдняга памеру (ад 40 да 70 см) – не больш за 1 базавую велічыню. А за вялікага сабаку (ад 70 см), а таксама калі пароды сабак уключаны ў пералік патэнцыйна небяспечных парод сабак, – не больш за 1,5 базавую велічыню.
Карацей, у месяц за зарэгістраванага сабаку трэба плаціць прыкладна ад 3 да 7 тысяч беларускіх рублёў, у залежнасці ад памераў. За ката нічога плаціць не трэба.
Трохі пра нюансы…
Ад гаспадароў сабак патэнцыйна небяспечных парод гарадзенскія ЖЭСы патрабуюць падаць даведку пра праходжанне курсу навучання. Для атрымання даведкі можна звярнуцца ў Гарадзенскі кіналагічны цэнтр «Сатурн» (Сіднева Анжаліка Віктараўна (029) 652-12-80 (029) 889-96-87) і запісацца на занятак да дрэсіроўшчыка.
Дрэсіроўшчык паглядзіць, наколькі адэкватны і сацыялізаваны ваш сабака. Калі сабака паслухмяны і не паказвае агрэсіі, па сканчэнні занятку выдаецца даведка. На падставе гэтай даведкі ў клубе выдаецца пасведчанне, якое трэба прадстваіць у ЖЭС. Кошт занятку ў дрэсіроўшчыка – 20 тыс., кошт даведкі ў ЖЭС – 1 базавая велічыня.
І яшчэ крыху практычнай інфармацыі… ШТО, ДЗЕ і ЯК
Рэгістрацыя праходзіць у ЖЭСах. Для таго, каб зарэгістраваць сваю жывеліну трэба: прыйсці ў ЖЭС; напісаць заяву на імя начальніка; прадставіць ксеракопію пашпарта і прапіску. Калі сабака патынцыйна небяспечнай пароды – трэба прадставіць даведку ад кінолагаў аб тым, што сабака прайшоў навучанне.
А што думаюць пра абавязковую рэгістрацыю жывёлаў гарадзенцы?
Саша: Хатніх жывёл трэба рэгістраваць у абавязковым парадку. Толькі вось мала хто рэгіструе і дзяржаве пофіг, хоць законы напрыдумлялі. А рэгістрацыя – гэта правільна. Не ўсе сабак рэгіструюць, а шматлікім старшыням напляваць на свой пад’езд і на незарэгістраваных жывёл…
Аляксей: Я не рэгістраваў сваю жывёлу і не збіраюся, бо прышчэпкі мы робім і без рэгістрацыі, а жэтон у нас – з заамагазіна. Ніхто не кантралюе гэтага, таму не ведаю, навошта гэта рабіць?
Жанна: Я хацела зарэгістраваць сваю жывелу, старшыня накіраваў мяне ў ЖЭС, а з ЖЭСу мяне накіравалі да старшыні і сказалі, што гэта ён павінен рабіць, але ён: «Ідзіце ў ЖЭС!». А прышчэпкі нам і без рэгістрацыі робяць.
Інфармацыя да разважання. У ЖЭСе №9 зарэгістравана 218 хатніх жывел. У ЖЭСе №11 – 393 жывёлы. Колькі незарэгістраваных жывел супрацоўнікі нават не спрабуюць падлічыць…