Паміж Волгай і Акой

| Без катэгорыі

Паўтары восеньскіх месяцы мінулага году я правяла ў Ніжнім Ноўгарадзе. Першае ўражанне – захапленне.

 

Горад падзелены на дзве часткі ракой: на гістарычную частку і прамысловыя кварталы. Па берагах ракі – храмы і Крэмль. Адзін бераг – стромкі і высокі, другі – спадзісты. Чатыры масты. Горад патанае ў парках і скверах. Вам нічога не нагадвае?

 

Усе гэтыя «прыметы» належаць і нашаму Гродна. Зрэшты, гэта ўласціва «гістарычным» гарадам, якія ўзнікалі, развіваліся і жылі на шляху «руху» народаў і цывілізацый. Толькі Гродна – кампактны, утульны, дагледжаны (не буду зараз распаўсюджвацца пра «кошт» дагледжанасці), Н.Ноўгарад – велізарны, размашысты, нейкі кудлаты… У мяне было адчуванне, што я ліліпут, які трапіў у краіну Гулівераў.

 

Па меры знаходжання ў гэтай краіне, станавілася ўсё больш зразумелым, што «савецкага народу», дакладней «адзінай супольнасці», даўно няма, а, можа, і не было ніколі. Розніца паміж намі і рускімі людзьмі вялікая. Мы не лепш і не горш адзін аднаго, мы проста вельмі розныя народы, з падобнай знешнасцю, нібы блізкімі мовамі (трэба сказаць, што беларуская мова для ніжагародцаў гучала, як замежная, яны прасілі – «пагавары яшчэ», «а як гэта завецца», і вельмі здзіўляліся, што ў беларусаў не «беларуская гаворка рускай мовы», а зусім «асобная» мова).

 

Зрэшты… Вось некалькі карцінак з жыцця.

 

Я адразу вылучыла супермаркет побач са сваім часовым жыллём, каб не губляць часу на шопінг. Збянтэжыла, праўда, аб’ява каля кожнай касы «Адміністрацыя прыносіць выбачэнні за неадпаведнасць коштаў: не паспелі памяняць цэннікі». З іншага боку, дзякуй, што папярэдзілі. У вялікай краме і праўда за адну ноч не паспець… Але гэтая аб’ява вісела і праз дзень, і праз тыдзень, і праз месяц. Думаю, вісіць дагэтуль. Чаго напружвацца?

Калі побач з пад’ездам лужа, а ў пад’ездзе не гарыць лямпачка – жыхары бягуць да дэпутата: «Мы цябе выбіралі, давай, працуй. Укручвай лямпачкі, засыпай лужы, выхоўвай ЖЭС». Самі – ні-ні.

 

Двары, надворкі, тэрыторыі каля новабудоўляў – «парафія» тых жа ЖЭСаў. У нас неяк самі жыхары разбіваюць клумбы, саджаюць кветкі… Я жыла ў старым горадзе, у былым купецкім доме на 8 сучасных кватэр, унутраны двор – цуд: замкнёная прастора («для сваіх»), старыя дрэвы і ні адной кветачкі пад вокнамі… Вышэйшыя дасягненне вось такі «кветнік».

 

Т.зв. «дзіцячыя пляцоўкі» каля новабудоўляў такая ж рэдкасць, як у нас – кіпарысы. Мяне спецыяльна вазілі паказваць, як выдатна працуе дэпутат у адным раёне (па колькасці насельніцтва, як увесь Гродна): паклапаціўся пра дзетак. Я сказала, што ў нас такіх пляцовак дзесяткі, калі не сотні. Ніжагародцы здзівіліся!

 

Калі трэба абараніць свае інтарэсы, неадкладна групуюцца ў «атрады» і ходзяць па ўсіх інстанцыях, уладкоўваюць пікеты, дэманстрацыі, увогуле жыцця ўладам ад іх няма. У тэлевізары – некалькі мясцовых каналаў, якія вяшчаюць кругласуткава і інфармуюць пра ўсё.

Ніжагародцы – эклектычныя, як эклектычная іх архітэктура. У адным будынку можа лёгка спалучацца рускае разьбярства па дрэве і цалкам «татарская» мансарда. Мінарэты і купалы… Бетон і бярвеністыя зрубы. «Зрубаў» вельмі шмат. Яны – ўпрыгожванне вуліц.

 

Гістарычныя помнікі, не кранутыя вайной, патрыятычнага трапятання не выклікаюць. У лепшым выпадку можна знайсці мемарыяльную дошку «хто тут быў», а якога стагоддзя будынак, каму належаў – невядома. Вось тут «быў Ленін».

Некаторыя раёны элементарна закінутыя, разам з прадпрыемствамі і «сацыялкай». Адгэтуль быццам сыйшлі людзі… Падобна на Амерыку часу дэпрэсіі, як яе паказваюць у кіно. Адначасова ўзводзяцца новыя шкляныя каробкі нейкіх «карпарацый» і гіпермаркетаў.

 

Ніжагародцы жывуць адразу на Волзе і Аке, аднак «свежай рыбай» завуць рыбу марожаную. Яшчэ ёсць рыба салёная, вэнджаная, вяленая. Пра жывую даўно не чулі, кажуць, ёсць на рынках. Камунікацыі тут пракладзеныя над зямлёй. Гэта некалькі псуе выгляд, але з пункту погляду перманентных расейскій катастроф – так лягчэй рамантаваць.

 

Ніжагародцы сяброўскія, даволі адкрытыя, але так ненавідзяць Маскву, што пры адным згадванні пра сталіцу, цямнеюць вачыма і раўніва абараняюць сваю былую «сталічнасць».

У гэтым будынку жыў пісьменнік Максім Горкі, Фёдар Шаляпін, пісьменнік Леанід Андрэеў… Дом быў пабудаваны ў 1881 годзе, належыў Н.Ф. Кіршбауму і ў свой час з’яўляўся цэнтрам культурнага жыцця Ніжняга.

 

Гэтая прастора не змяшчаецца а ні ў які аб’ектыў!

Пра каханне…

Прабачце, але не ведаю (хаця мне і тлумачылі пра гэта не аднойчы), з якога боку тут Ака, а з якога – Волга. Тыповы жаночы тапанемічны крэтынізм. Тым больш, што гэтыя рэкі – такія магутныя і вялікія менавіта у гэтым месцы. Бераг, з якога я здымаю – гісторыя. Бераг, які насупраць – тыповыя сучасныя кварталы.