Газета, якая не мае канкурэнтаў

|

 

– «Наша ніва» пачала выдавацца ў досыць дзіўных умовах, ў час вялікіх рэпрэсій пасля рэвалюцыі 1905 года, пасля зачысткі палітычнай прасторы.

 

Партыі былі забаронены, у тым ліку і Беларуская Сацыялістычная Грамада» – апавядае сп. Андрэй (на здымку ніжэй).

>

Браты Антон і Іван Луцкевічы хаваліся ў Вільні, дзе ім і прышла ідэя выдаваць легальную газету. Знайшлі чалавека, які б змог быць фармальным рэдактарам – Зігмунда Вольскага, але фактычна газету рабілі браты Луцкевічы. Ужо пасля да іх далучыліся Я. Купала, А. Уласаў. У самым першым нумары была надрукавана канцэпцыя, якой прытрымлівалася газета.

 

Дзіўным чынам, гэтая канцэпцыя актуальна і ў нашыя дні, і для сённяшняй «Нашай Нівы»:

 

«Не думайце, што мы будзем служыць ці панам, ці мужыкам. Не, ніколі не. Мы будзем служыць усяму беларускаму народу, пастараемся быць люстрам жыцця, каб ад нас, як ад люстра свету, свет падаў у цемнасць». Пра аб’ектыўнасць: «Не будзем пісаць громка, будзем кідаць ўсю праўду у вочы, пастараемся быць цярпімымі і панаваць над сабою. Няхай халодны розум моцна трымае ў сваіх руках гарачае сэрца.»


У 1915 годзе газету зачынілі, у сувязі з тым, што пачыналася вайна. Але за гэты час, з 1906 па 1915, была зроблена вялікая работа. Фактычна ўсе нумары газеты леглі ў аснову акадэмічных слоўнікаў беларускай мовы, на іх грунтаваўся Тарашкевіч, калі пісаў сваю граматыку, часткова на «Нашай ніве» грунтаваліся і тыя, хто пісаў наркамаўскія падручнікі. Тагачасная «Наша ніва» вырасціла классікаў літаратуры, такіх як Якуб Колас, Янка Купала, Цішка Гартны, і таксама палітычную эліту – БНР.

 

У 1991 годзе «Наша ніва» зноў стала выдавацца і зноў у Вільні. Але задачы газеты былі менш палітычныя. Беларуская культура пакуль уваходзіла ў СССР моцна адстала ад культуры расійскай, таму што ўсе навінкі літаратуры, нейкія філасоўскія працы, беларусы мусілі чытаць толькі па руску. Таму «Наша ніва» узяла на сябе задачы культурнага альманаха: знаёміць чытачоў з самымі новымі культурнымі здабыткамі па-беларуску.

Выдавец “Нашай Нівы” Андрэй Дынько

 

Але ў 1994 годзе сітуацыя змянілася. Шмат беларускіх выданняў сталі банкратаваць і зачыняцца. Тыя газеты, што заставаліся, мусілі пераймаць на сябе іх функцыі. Так «Наша Ніва» з культурнага альманаху пераўтварылася ў грамадска-палітычнае выданне.

 

У 2005 годзе адбылася адметная падзея: 15 газет выкінулі з распаўсюду, гэта значыць, што падпісацца на іх было не магчыма. Каб неяк існаваць частка газет зыйшла ў Інтэрнэт. «Наша ніва» пачала выдавацца ў фармаце А4 і распаўсюджвацца па ўласнай сістэме распаўсюду, для таго, каб людзі маглі набываць газету. Таксама з’явіўся сайт «Нашай нівы». Праз некалькі год «Нашу ніву» і «Народную волю» вярнулі ў спіс.

 

Трэба адзначыць, што гэтае вяртанне было адной з умоваў Еўразвязу да ўладаў Беларусі. «Нашай Ніве» дазволілі распаўсюджвацца, газета перайшла ў колер.

 

– Якія мэты ставіць перад сабой сучасная «Наша Ніва»?


– Зараз мы хочам дасягнуць таго, каб чытач меў магчымасць чытаць патрэбную яму інфармацыю на беларускай мове. Таму на беларускай мове павінна пісацца пра ўсё. Мы пішам і пра палітыку, і пра эканоміку, і, адначасова, пра нейкія спажывецкія тэмы.

 

– Пасля вяртання «Наша ніва» перайшла на наркамаўку. Ці паўсплывала гэта на колькасць чытачоў?


– Насупраць, «Наша ніва» змагла павялічыць колькасць чытачоў. Бо гэтую мову зараз вывучаюць у школе. Былі людзі, якія пратэставалі, гэта – мовазнаўцы. Некаторыя адмаўляліся ад падпіскі, але потым зноў падпісваліся, бо ў Беларусі няма альтэрнатывы.

 

«Наша ніва» не мае канкурэнтаў. У нас няма іншай газеты, якая б выходзіла на беларускай мове і друкавала незалежную інфармацыю.

 

– Колькі асобнікаў «Нашай Нівы» зараз друкуецца?


– Друкуецца «Наша ніва» накладам ў 7000 асобнікаў. Зараз у нашай краіне такое становішча, што вяртанні незалежных газет вельмі маленькія. Вось, напрыклад, у Мінску толькі 5-7%, калі звычайна было каля 30%. Гэта значыць, што людзі пачалі шукаць незалежную інфармацыю. Але Белсаюздрук не збіраецца павышаць колькасць асобнікаў «Нашай Нівы». Гэта такі сучасны спосаб дыскрымінацыі.

 

– Ці шмат чытачоў наведвае ваш сайт?


– Калі паглядзець рэйтынгі наведвання беларускіх сайтаў, «Наша Ніва» уваходзіць ў дзесятку самых чытаных. Гэта 16000 IP-адрасоў у дзень. У сярэднім узрост чытачоў 24-35 гады. Што тычыцца газеты, то яна больш карыстаецца попытам за межамі Мінску, і ўзрост чытачоў газеты трохі вышэй.

– З чым звязана павышэнне колькасці наведвальнікаў сайту?


– Чым больш мы даем навін, чым аператыўней гэта робіцца, чым унікальней навіна, тым большая колькасць наведвальнікаў. Калі ўспомніць нядаўнія падзеі 19 снежня, у нас былі вельмі добрыя і якасныя відэа-рэпартажы. Колькасць наведвальнікаў сайту дасягала 100 000 ў дзень. І зараз, калі ў краіне напруджанае, трывожнае эканамічнае становішча, колькасць наведвальнікаў застаецца высокім.

 

Адзначу, што сайт і выданне газеты гэта досыць складана. Кожны дзень на сайце з’яўляецца каля 60 навін. Таму не хапае часу рабіць вялікае аналітычнае выданне, як раней на 24 старонкі, калі не было сайту.

 

Зараз газета складаецца з 16-ці старонак. Гэта пры тым, што ў штаце газеты працуе толькі 20 чалавек, ну і аўтары, якія час ад часу пішуць для газеты.

 

Апроч таго, мы выпускаем розныя кнігі, якія не выдаюцца ў дзяржаўных выдавецтвах па рознымхпрычынах. Напрыклад, у 2006 годзе, калі было 100 год «Нашай ніве», выйшла цэлая серыя з 30 кніг «Кнігарня Нашай нівы».

 

Зараз збіраецца матэрыял пра мінскую вясну, масавыя акцыі 1996 года.

Ад рэдакцыі: У Гродна газету «Наша Ніва» можна набыць ў кіёсках Белсаюздруку (з’яўляецца ў чацьвер).

 

Матэрыял быў падрыхтаваны па выніках візіту ўдзельнікаў праекта “Школа маладога журналіста” у рэдакцыі сталічных СМІ.