Гарадзенцы раскупілі амаль усе паштоўкі, зробленыя дзяцьмі-інвалідамі

|

Як распавяла Вольга Шульга, дырэктар Грамадскай дабрачыннай арганізацыі “Гродзенскі дзіцячы хоспіс”, акцыя арганізавана з удзелам выхаванцаў Гродзенскага карэкцыйнага цэнтра дзяцей-інвалідаў.

>

Дзеці падрыхтавалі адмысловыя велікодныя паштоўкі, якія цягам апошніх дзён прадаваліся ў Гроднажылбудзе, на Мясакамбінаце, у ФОКу па вул. Горкага, а таксама ў Алмі.

 

– Супрацоўнікі прадпрыемстваў прынялі актыўны удзел у акцыі, падкрэслівае Вольга Шульга, – амаль усе паштоўкі і падзелкі на велікодную тэматыку распрадаліся.

 

Выручаныя падчас акцыі сродкі будуць накіраваны на карысць дзяцей-інвалідаў.

 

Частка з іх пойдзе на арганізацыю святочных мерапрыемстваў да Дня дзіцяці.

 

Кіраўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу па вул. Горкага паабяцала зладзіць для дзяцей-інвалідаў свята на вадзе, прымеркаванае да Дня сям’і.

Гарадзенцы яшчэ могуць паспець далучыцца да акцыі і купіць паштоўкі, зробленыя рукамі дзяцей-інвалідаў, на велікодным кірмашы на Савецкай плошчы.

 

На фота: Паштоўкі, зробленыя выхаванцамі Гродзенскага карэкцыйнага цэнтра дзяцей-інвалідаў.

 

Фота аўтара