Улады збіраюцца зачыніць “Нашу Ніву” і “Народную волю”
Гэтае рашэнне прынята ў адпаведнасці з падпунктам 2.2. пункта 2 арт.51 закона Беларусі «Аб сродках масавай інфармацыі» ў сувязі з вынясеннем рэдакцыям названых выданняў на працягу года двух і больш пісьмовых папярэджанняў.
“Твой стыль” звярнуўся па каментар да сталага чытача “Народнай волі”, гарадзенца Ўладзіміра Рунге:
– Гэта звёны аднаго ланцуга. Дадзена каманда “зачысціць” інфармацыйную прастору па ўсіх напрамках і чыноўнікі ўзяліся яе выконваць.
Думаю, гэта яшчэ не апошняя кропля.
Усё становіцца як у савецкія часы, калі не дапускалася аніякай альтэрнатыўнай думкі.
Крыўдна, што час ляціць так хутка, а мы топчымся на месцы…
Што я буду рабіць, калі зачыняць “Народную волю”?
Буду надалей глядзець “Белсат”, знаёмыя дапамогуць з раздрукоўкамі з інтэрнэту. Матываваны чалавек у наш час знойдзе патрэбную яму інфармацыю”.
Рашучы пратэст супраць такіх дзеянняў уладаў ужо выказала кіраўніцтва ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Па словах намесніка старшыні БАЖ Андрэя Аляксандрава:
«Хваля жорсткіх рэпрэсій супраць незалежных журналістаў і СМІ ў Беларусі не толькі не спыняецца — яна пераходзіць у новую фазу. Гэта выглядае на пачатак зачысткі інфармацыйнай прасторы, на якую ўлады намякалі раней і якую рыхтавалі загадзя, „абклаўшы“ гэтыя два выданні стосам папярэджанняў.
Мы рашуча пратэстуем супраць карных захадаў з боку Міністэрства інфармацыі. Выказваем сваю салідарнасць і падтрымку нашым калегам з „Народнай волі“ і „Нашай Нівы“. Мы разам зробім усё магчымае, каб Беларусь не страціла гэтыя свабодныя галасы, якія шмат у чым з’яўляюцца знакавымі для ўсёй нацыі. Але, баюся, што адстаяць выданні будзе немагчыма без моцнай падтрымкі з боку грамадства, якая зараз вельмі патрэбная.
Адметна, что цяпершаняя спроба закрыць два незалежныя выданні адбываецца на фоне негатыўных працэсаў у эканоміцы, палітычных працэсаў супраць апанентаў рэжыму, на фоне расследавання гучнай справы ад тэракце ў сталічным метро. Таму ўлады так намагаюцца задушыць свабоду слова ў краіне — бо палітыка татальнага кантролю над грамадскай думкай фактычна з’яўляецца асновай цяперашняга рэжыму ў краіне.»