З дынамікаў гарадзенскіх аўтобусаў гучыць “Жывая гісторыя”
Цікавая гістарычная інфармацыя агучаецца паміж рэкламнымі аўдыёролікамі ў гарадскіх аўтобусах.
Ідэя “Жывой гісторыі” належыць “Першаму маршрутнаму тэлебачанню”.
Па словах спецыяліста па рэкламе Рамана Талалуева, гэты праект ён разам сябрам Станіславам Ціханенкам пачаў распрацоўваць каля 2 гадоў таму.
“Жывая гісторыя” прэзентавалася на форуме “Папараць кветка”, у межах якога была прызнана лепшым піар-праектам.
У мінулым годзе праект перамог таксама на конкурсе ў Санкт-Пецярбурзе.
Па словах аўтараў задумы, галоўнай мэтай праекта з’яўляецца прыцягненне ўвагі шырокага кола грамадства, асабліва моладзі, да падзей мінулых дзён.
“Жывая гісторыя” павінна дапамагаць людзям атрымліваць даступным спосабам апроч рэкламных прапановаў і іншую карысную інфармацыю, у прыватнасці – звесткі з гісторыі.
Наступным крокам распрацоўшчыкі называюць размяшчэнне відэаролікаў на гістарычную тэматыку.
Аўтары праекта выказваюць падзяку студэнтам Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, якія актыўна займаюцца рэалізацыяй праекта “Жывая гісторыя” і асабіста Віктару Косараву (Verasok).
Аўтары “Жывой гісторыі” запрашаюць таксама ўсіх ахвотных гарадзенцаў, якія валодаюць карыснай інфармацыяй і цікавымі звесткамі з гісторыі Гродна, далучыцца да праекта.
Звязацца з арганізатарамі можна па электроннай пошце: 1mtv@ tut.by