Студэнтус Гістфакус
Напрыклад, дзень незалежнасці ў Новай Гвінеі ці дзень кантаванай шклянкі.
Але і ёсць і традыцыйныя студэнцкія святы, адзін з іх – «Медыўм», які пазначае сярэдзіну вучобы.
У кожным ВНУ, нават на кожным факультэце, ёсць свае традыцыі святкавання гэтага дня.
Сённяшняя «справаздача» будзе пра тое, як святкуюць медыўм гарадзенскія гісторыкі і сацыёлагі.
>
У дзень «М» у корпус, які знаходзіцца на вуліцы Кастрычніцкай, проста так не змаглі ўвайсці ні выкладчыкі, ні студэнты: не атрымалася мінуць «табар» трэццякурснікаў, якія збіралі грошы, загадваючы ўсім загадкі.
Прыкладна такія: «Каб спераду пагладзіць, трэба ззаду палізаць». Калі хто не ведае, гэта – марка.
Такія загадкі кагосьці бянтэжылі, кагосьці забаўлялі. Але грошы клалі ўсе. Сумы былі розныя – ад 50 рублёў да 20-ці тысяч.
Пасля збору сродкаў для «немаёмных» традыцыйна прадугледжаны быў канцэрт, на якім абавязковым пунктам заўсёды з’яўляецца продаж адзнак.
Гэта любімы момант у студэнтаў розных курсаў. Перад медыўмам трэццякурснікі ходзяць і «выпрошваюць» адзнакі для студэнтаў усіх курсаў.
Некаторыя выкладчыкі «ўваходзяць» у становішча студэнтаў і прадаюць ці адзін бал, ці іспыт, ці залік. Але ёсць і такія, ў каго не вымаліш і аднаго балу. Уладкоўваюць аўкцыён, на якім гандлююць адзнакамі, і грошы ад гандлю застаюцца ў студэнтаў.
У часе канцэрту робяць і добрыя пародыі на выкладчыкаў. Але добрыя яны таму, што большасць выкладчыкаў сядзіць у залі. І ніякія, нават самыя-самыя экстрэмальныя трэццякурснікі, не рызыкнуць зрабіць карыкатуру, а тым больш – сатырычную мініяцюру… Можа іх палохае хуткая сесія і надзейная памяць выкладчыкаў?
Сёлетні канцэрт пачаўся пад музыку з праграмы «У свеце жывёл».
Вядучы распавёў пра незвычайны від СТУДЭНТУСА ГІСТФАКУСА, які пражывае ў цэнтры гораду, сілкуецца падножным кормам, на яго палююць ўсялякія драпежнікі (тут пералічылі прозвішчы выкладчыкаў, у якіх цяжка здаваць іспыты).
Від падзяляецца на падвіды: батанікус – самы рэдкі падвід, пафігістус – сустракаецца часцей, і нетудэмы-несюдэмус – самы хітры падвід, таму што прыкідваецца батанікусам, а на самай справе з’яўляецца пафігістусам. І ў гэтым стылі была пабудавана ўся праграма, у якой глядач убачыў шмат цікавых, праўдзівых і нават мудрагелістых рэчаў.
Вытанчаным быў паказ мод выкладчыкаў, дзе студэнты тонка прыкмецілі звычкі выкладчыкаў, іх манеру трымацца і іншае. Гарнітур выкладчыка гісторыі Старажытнага Ўсходу пацешыў мінімалізмам… фіранка, абгорнутая ніжэй пупка.
Пасля заканчэння канцэрту свята не спынілася. Але што ды як атрымлівалася далей, распавядаць не буду.
Скажу толькі тое, што ёсць у студэнтусаў гістфакусаў і такая традыцыя: казаць потым, куды пайшлі грошы з медыўма і як балела галава на занятках на наступны дзень…
Адкуль я ведаю? Ну, дык я ўжо на чацьвертым курсе.