Інфармацыя – гэта асобны фармат

Самыя буйныя ў Беларусі – БелаПАН і БелТА.

 

Кожны дзень яны ажыццяўляюць пошук і выпуск дзесяткаў навін на самыя розныя тэмы.

 

Як працуе інфармагенцтва і як там ствараюцца навіны нам распавяла Ірына Леўшына (на здымку), галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.

 

– БелаПАН – гэта першае і да сучаснага моманту адзінае недзяржаўнае інфармагенцтва, якое перадае інфрмацыю на дзяржаўным узроўні. На сёння кампанія БелаПАН складаецца непасрэдна з агенцтва навін – www.belapan.by і інтэрнэт-газеты www.naviny.by. І апошнія два гады ў нас ёсць служба мультымедыйных навін.

 

– Чым адрозніваецца праца інфармацыйнага агенцтва ад працы іншых СМІ?

– Фарматам. Інфармацыйнае агенцтва – гэта перадача непасрэдна факта, навіны. Калі ёсць каментары, то гэта каментары або канфліктуючых бакоў, калі гаворка ідзе аб канфлікце, або каментары экспертаў на канкрэтную тэму. Толькі не аўтарскія каментары! Інфармацыя павінна падавацца аб’ектыўна. Я лічу, што БелаПАН у гэтым сэнсе – праект унікальны. Мы стараемся быць максімальна аб’ектыўнымі.

 

СМІ, як дзяржаўным, так і недзяржаўным, цяжка заставацца аб’ектыўнымі ў тых ўмовах, у якіх мы вымушаны працаваць у Беларусі. Аднак нельга ператварацца ў рупар – рупар улад або рупар апазіцыі, трэба заставацца аб’ектыўнымі. Рэпутацыя БелаПАН будуецца менавіта на гэтым, што пацвярджаюць нашы падпісчыкі.

– Вы атрымліваеце інфармацыю з першакрыніц, альбо карыстаецеся інфармацыяй другіх выданняў?

– Прынцып працы інфармагенцтва – гэта вытворчасць ўласнай інфармацыі з адкрытых крыніц (прэс-канферэнцыі, брыфінгі, афіцыйныя мерапрыемствы і г.д) і з закрытых – з тых, якія журналіст напрацоўвае гадамі. Мы стараемся максімальна ахапіць падзеі, якія адбываюцца ў краіне і якія маюць грамадска-палітычны рэзананс.

 

– Колькі часу праходзіць паміж атрыманнем інфармацыі і яе публікацыяй?

– Калі гэта гарачая навіна, мы стараемся падаць яе адразу – адным-двумя сказамі, а пасля папаўняем па меры падрыхтоўкі інфармацыі. Але калі паўстае пытанне «аператыўнасць або аб’ектыўнасць», мы заўсёды аддаем перавагу аб’ектыўнасці.

 

– Колькі навін у вас праходзіць за дзень?

– Бывае па-рознаму. Прыкладна 60-80 навін на дзень.

 

– Якім чынам вы адбіраеце навіны?

– Асноўны прынцып – наколькі навіна можа быць цікавай для нашых чытачоў, для падпісчыкаў. У нас шмат падпісчыкаў: гэта і рэгіянальныя газеты, і дзяржаўныя, эканамічныя арганізацыі, прадпрыемствы, амбасады і г.д. Таму інфармацыя ў нас разнапланавая.

>

– Ці здараюцца ў вас канфлікты?

– Так. Здараецца, што некаторыя журналісты з іншых выданняў папаўняюць інфармацыю БелаПАНа сваімі каментарамі і ставяць спасылку на наша агенцтва. Умоўна кажучы, чыноўнік адказваў на канкрэтныя пытанні, а потым чытае тое, чаго нават блізка не гаварыў. Гэта зноў-такі тычыцца тэмы аб’ектыўнай падачы інфармацыі. Не гледзячы на свае эмоцыі, сімпатыі і антыпатыі, неабходна пісаць тое, што ёсць на самой справе.

 

Класічны прыклад – выбары 2006 года, калі ў цэнтральных СМІ не была апублікавана праграма адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча. Не была апублікавана толькі таму, што яе своечасова не прынеслі ў рэдакцыю. На БелаПАН у той час быў моцны ціск ад людзей, якія былі адказныя за апублікаванне гэтай праграмы з яго штаба. Яны патрабавалі не называць прычыну. БелаПАН аб гэтым усё ж напісаў. Трэба ў сваёй дзейнасці прытрымлівацца нейкіх прынцыпаў і не ісці на ўступкі, інакш цябе пачнуць выкарыстоўваць як сродак для дасягнення сваіх мэт.

 

– Якім чынам да вас паступае інфармацыя з рэгіёнаў?

– У нас ёсць рэгіянальныя журналісты. Дарэчы, няма журналіста ў нас у Гродне. Нам патрэбны чалавек, які будзе рэгулярна перадаваць навіны з вашага гораду.

 

– Па якіх прынцыпах вы выбіраеце журналістаў?

– Як і ў любой рэдакцыі хтосьці прыходзіць сам, а кагосьці запрашаем мы. Ёсць касцяк людзей, якія ўжо вельмі даўно працуюць. Характэрная рыса БалаПАНа – адсутнасць цякучкі сярод штатных журналістаў.

 

– Што іх утрымлівае?

– Кола аднадумцаў, атсутнасць дразг унутры рэдакцыі. БелаПАН групіруе вакол сябе журналістаў, якія аднолькава адносяцца да выканання сваіх прафесійных абавязкаў.

 

Фотаздымкі навучэнцаў ШМЖ-14

 

Матэрыял быў падрыхтаваны па выніках візіту ўдзельнікаў праекта “Школа маладога журналіста” у рэдакцыі сталічных СМІ. На старонках сайта чытайце таксама пра працу рэдакцый газеты “Наша Ніва” і сайту TUT.BY.