У Беларусі ўлады сёння адзначаюць свой Дзень друку

|

“Прывязка” да гэтай даты выглядае вельмі дзіўнай. Хаця б таму, што першыя газеты на беларускіх землях пачалі выходзіць значна раней.

 

У 1902 г. была выдадзеная першая беларускамоўная газета “Свабода”. Праз чатыры гады пачалі выходзіць “Наша Доля”, а затым “Наша Ніва”.

 

Дзень беларускага друку можна было прызначыць на 6 жніўня, калі ў Празе выйшла ў свет першая кніга Францыска Скарыны.

 

У беларускіх уладаў, аднак, свая логіка, свае героі і свае памятныя даты…

 

Дзяржаўныя газеты любяць згадваць напярэдадні 5 траўня дадзеныя Міністэрства інфармацыі, паводле якіх ў краіне дзейнічае больш за 1 300 СМІ, з якіх каля тысячы складаюць недзяржаўныя выданні.

 

Пры гэтым нічога не гаворыцца пра ўмовы працы дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.

 

Калі першыя фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту (нонсэнс для СМІ ў Еўропе), то другія вымушаныя выжываць самі і пры гэтым змагацца з рознага кшталту бюракратычнымі перашкодамі кшталту абмежаванняў у распаўсюдзе праз “Белсаюздрук” і г.д.

 

Сёлетняе святкаванне Дня друку Беларусь сустракае з невясёлымі паказчыкамі.

 

Некалькі журналістаў праходзіць па справе аб “масавых беспарадках” 19 снежня.

 

У Гродне ў следчым ізалятары сядзіць журналіст польскай “Газеты Выборчай” Анджэй Пачобут, якога вінавацяць у паклёпе на прэзідэнта.

 

Міністэрства інфармацыі ініцыюе ліквідацыю сімвалаў сучаснай беларускай недзяржаўнай прэсы – “Нашай Нівы” і “Народняй Волі”.

 

У апублікаваным нядаўна напярэдадні Сусветнага Дня прэсы (3 траўня) справаздачы аб свабодзе прэсы амерыканскай праваабарончай арганізацыі Freedom House Беларусь уключана ў дзясятку краін свету з найгоршым станам свабоды прэсы разам з Бірмай, Іранам, Кубай, Лівіяй, Паўночнай Карэяй, Туркменістанам Узбекістанам, Экватарыяльнай Гвінеяй і Эрытрэяй.