У Гродне працуе персанальная выстава Аляксея Марачкіна
Гарадзенцы маюць магчымасць убачыць 16 выдатных прац мастака, напісаных ім за апошнія гады.
Прадстаўлены творы розных напрамкаў: гістарычнага жанру, краявіды, партрэты. Сярод прац – трыпціх, прысвечаны 1000-годдзю летапіснай Літвы.
Аляксей Марачкін знакаміты сваімі нонкамфармісцкімі творамі.
Адзін з іх, “Сцяна маўчання”, можна ўбачыць у гродзенскай экспазіцыі.
Аляксей Марачкін пра Сцяну маўчання by t-styl
Аляксей Марачкін не толькі таленавіты мастак, але і актыўны грамадскі дзеяч. Ён з’яўляецца аднім з заснавальнікаў мастацкага аб’яднання “Пагоня”. Па словах Аляксея Марачкіна, мастацтва не можа існаваць асобна ад палітыкі. Таму на творчыя поспехі яго натхняюць усе падзеі, якія адбываюцца ў краіне.
Аляксей Марачкін: я рэагую на тое, што бачу by t-styl
Мастак не аднойчы цярпеў за свае палітычныя погляды. Творы Аляксея Марачкіна арыштоўвалі, 6 дзён яго трымалі на Акрэсціна. А перад візітам Аляксандра Лукашэнкі ў Нацыянальны музей творы Марачкіна і ўвогуле знялі з пастаяннай экспазіцыі.
Па словах творцы, каб атрымаць прызнанне ў нашай краіне, мастаку трэба маляваць краявіды.
Аднак сам ён не збіраецца змяняць свае погляды на жыццё і творчасць.
Аляксей Марачкін: Я не падкапытны by t-styl
Гародня – адзін з улюбёных беларускіх гарадоў мастака. На думку Аляксея Марачкіна, гарадзенцам яго творчасць вельмі зразумелая.
Аляксей Марачкін пра Гародню by t-styl
Творы Аляксея Марачкіна знаходзяцца ва ўсіх мастацкіх музеях Беларусі, у Нацыянальным музеі Нью-Йорка, выстаўляліся ў галерэях Францыі, Германіі, Польшчы, Бельгіі. У хуткім часе мастак плануе вялікую персанальную выставу ў Менску.
Гродзенцы змогуць паглядзець на творы мастака да 28 траўня.
Фота Радыё Рацыя