Дэвальвацыя: даляр у абменніках каштуе 4000

|

Як паведамілі «Нашай Ніве» крыніцы ў банках, Нацбанк дазволіў камерцыйным банкам устанавіць свабодны курс наяўнай валюты для насельніцтва. Але пры гэтым у банкі прыйшла нефармальная рэкамендацыя, каб курсы не перавышалі 4000 рублёў за даляр.

Беларускія банкі адрэагавалі імгненна, узняўшы курс да максімальна рэкамендаванага.

У заяве Нацбанку гаворыцца:

“Дэфіцыт валютных сродкаў на дадзеным сегменце рынка склаўся ў сакавіку бягучага года ў выніку павышанага попыту грамадзян на наяўную замежную валюту для набыцця транспартных сродкаў за мяжой, а таксама ў сувязі з распаўсюджваннем розных чутак, якія правакуюць ажыятажныя паводзіны насельніцтва.

Выкарыстанне рынкавых падыходаў да фармавання курсу беларускага рубля пры ажыццяўленні здзелак з фізічнымі асобамі дазволіць не толькі задаволіць попыт грамадзян на замежную валюту, але і пазбавіць сэнсу далейшае актыўнае набыццё замежнай валюты насельніцтвам для стварэння зберажэнняў, якое назіралася ў апошні час у сувязі з чаканнем змены абменнага курсу”.

 

Праблемы на фінансавым рынку былі выкліканы перадвыбарчым перагрэвам эканомікі Беларусі.

Каб гарантаваць падтрымку насельніцтва, урад пампаваў гаспадарку таннымі грашыма.

Зараз рамяні прыйдзецца зацягнуць усяму насельніцтву.

Сярэдні заробак у Беларусі з дэвальвацыяй зніжаецца да 390 даляраў — чацвёрты ад нізу ўзровень сярод еўрапейскіх краін.

У мінулым годзе Беларусь выйшла на першае месца ў Еўропе па ўзроўні інфляцыі, а сёлета яна будзе, відавочна, вымярацца дзясяткамі працэнтаў.